Шукае падыходы да кожнага пацыента

светаПершае месца працы вызначальнае для маладога спецыяліста: менавіта так ён на практыцы можа зразумець, ці здзейсніліся яго ўяўленні аб абранай прафесіі. На гэту тэму карэспандэнт раёнкі пагутарыла з урачомнеўролагам ЦРБ Святланай МІЦЬКОВАЙ.

Святлана родам з Магілёва, скончыла Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Працуе па размеркаванні ўжо  чатыры месяцы.

– На прыём прыходзіць многа людзей. Пры правядзенні прафесійных медаглядаў – да шасцідзесяці чалавек за змену, – распавядае Святлана. – Свабодных талонаў на прыём амаль не бывае. Спраўляцца з такім наплывам цяжка, але пакуль што ўсё атрымліваецца. Таксама неабходна кантраляваць сваіх пацыентаў, каб яны прымалі лекі і выконвалі ўсе рэкамендацыі.

Канечне, уражанне ад першага працоўнага месца ў многім залежыць ад калектыву і таго, як ён прымае да сябе новага чалавека. Святлане Міцьковай з гэтым пашанцавала: калегі дапамагаюць справіцца з любымі сітуацыямі. Заўсёды падтрымлівае загадчык неўралагічнага аддзялення бальніцы Ілона РАМАШЫНА. Адміністрацыя таксама дапамагае: нядаўна маладому ўрачу выдзелілі арэндную  кватэру.

– Лічу, што такі падарунак вельмі важны для спецыяліста, які прыязджае ў раён. Пераезд выклікае стрэс, а калі ў цябе ёсць утульнае жыллё, не так перажываеш, – дзеліцца ўражаннем Святлана.

У свабодны час дзяўчына ходзіць у басейн – і раіць рабіць тое ж сваім пацыентам. Кажа, гэта добрая прафілактыка неўралагічных захворванняў. А на пытанне аб тым, ці не шкадуе, што абрала для сябе такую складаную прафесію, з усмешкай адказвае:

– Канечне, быць урачом – зусім няпроста. Але калі пачынаеш працаваць, ужо не ўяўляеш сябе ні ў якой іншай галіне.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *