Карэспандэнт раёнкі наведала ДУСА “Бялыніцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”

саша23 снежня ў нашай краіне асаблівая дата. Як і ва ўсім свеце, яна абвешчана Міжнародным днём інвалідаў. Карэспандэнт раёнкі наведала ДУСА “Бялыніцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” і пагутарыла з яго жыхарамі Аляксандрам КЕРЫМАВЫМ і Аленай ЛУК`ЯНЧЫКАВАЙ, каб даведацца, якія колеры пануюць у іх жыцці.

Аляксандру зараз 40 гадоў,  дваццаць з якіх ён жыве ў доме-інтэрнаце. Ад нараджэння мае другую групу інваліднасці, але нягледзячы на гэта ўсё жыццё чамусьці вучыцца: назірае за тым, як робіцца нейкая справа, спрабуе зрабіць сам – і атрымліваецца. Так пачаў, напрыклад, збіраць і рамантаваць мэблю. Некалькі гадоў таму ў інтэрнат прывезлі партыю новай, яе зборкай займаліся рабочыя. За гэтым працэсам Аляксандр назіраў збоку. У наступны раз, калі з’явілася неабходнасць адрамантаваць шафу, спецыялістаў выклікаць не прыйшлося – зборкай і дробным рамонтам мужчына заняўся сам. Нават набыў сабе набор інструментаў. Летам дапамагае весці падсобную гаспадарку ўстановы: вырошчвае гародніну і збожжа, даглядае кароў. Насенне зерневых бясплатна выдзяляе ўстанове старшыня СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ.

Любімая справа Аляксандра Керымава, якой ён займаецца ў вольны час, – вязанне на спіцах. Прычым, вязаць мужчына ўмее ўсё: і шкарпэткі, і пальчаткі, і швэдары. Атрымліваецца сапраўды вельмі добра і якасна: пяцелька да пяцелькі, акуратнасць – на вышэйшым узроўні. Вязаныя рэчы дорыць сваім знаёмым.

У крэдыт Аляксандр набыў сабе тэлевізар і камп’ютар: перапісваецца з сябрамі ў сацыяльных сетках. Раней жыў у Вясноўскім дзіцячым доме-інтэрнаце, што ў Глускім раёне. Адтуль пасля паўналецця равеснікі раз’ехаліся хто куды, але да сёння блізкія Аляксандру. Развітацца прыйшлося, аднак, не з усімі – разам з ім у 1997 годзе на Бялыніччыну прыехала Алена Лук`янчыкава.

Мабыць, гэта і дапамагло хутчэй адаптавацца да новых умоў: побач быў добра знаёмы чалавек. Алена з Аляксандрам жывуць разам, у адным пакоі. Жанчына працуе на ферме падсобнай гаспадаркі ДІСІ, ёй падабаецца даглядаць цялятак і кароў. Летам таксама занятая на палявых работах.

– У пакоі люблю наводзіць парадак, каб усё было чыста і прыбрана, – распавядае Алена. – У гэтым пайшла ў маці. У дзяцінстве цётка казала, што тая ніколі не сядзела на месцы – заўсёды нечым займалася. Таксама люблю гатаваць штосьці смачнае: бліны, дранікі…

Аляксандр і Алена адносяцца адказна да спраў, за якія бяруцца. Аб гэтым добра ведае інструктар па працатэрапіі Васіль ГАЛАФАСТ, бо працуе з імі ўжо шмат гадоў.

– Малако ад кароў, якімі займаецца Алена, адпраўляецца ў сталовую для прыгатавання ежы, – кажа Васіль  Паўлавіч. – Лішкі ідуць на продаж. Выручаныя грошы трацяцца на патрэбы інтэрната. Так людзі, якія тут жывуць, уносяць уклад у жыццё ўстановы.

Аляксандра Керымава характарызуюць два словы: шчырасць і адкрытасць, якія праяўляюцца, нягледзячы на сціпласць мужчыны. Да людзей, якія акружаюць яго ў доме-інтэрнаце, ён ставіцца як да сваіх, родных. Нават не шкадуе патраціць на іх уласныя грошы.

– У 2015 годзе да Дня інваліда арганізавалі паездку ў заасад у Буйнічы. Аляксандр узяў на сябе ўсе расходы, частаваў усіх гарбатай і блінамі за свае грошы, – распавядае дырэктар дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Святлана СТУКАЧОВА.

З дапамогай праграмы “Жди меня” Аляксандр знайшоў родную сястру. Індзіра Керымава жыве ў Мінску, да яе ён ездзіў адзначаць Новы год.

Менавіта на простых рэчах будуецца шчасце. Палітра колераў жыцця Аляксандра і Алены складаецца са шчаслівых і не вельмі, як і ва ўсіх, момантаў. Хай светлых адценняў у іх будзе больш, чым цёмных.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *