Камісія наведала сем’і, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы

Камісія наведала сем’і, дзеці ў якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Безимени-1

У склад камісіі ўвайшлі дырэктар ДУА “Бялыніцкі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр” Таццяна ГАЎРЫЛОВІЧ, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Лідзія ЦАПІКАВА, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена ЯРМОЛЕНКА, участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Алена ЛЫСЬКОВА, урач-педыятр Крысціна ПАЛУДА, начальнік пажарна-выратавальнага паста МНС Дзмітрый ШАЎЧАНОК. Яны наведалі 15 сем`яў.

Канечне, гісторыі ва ўсіх розныя, але многіх з іх аб’ядноўвае злоўжыванне алкаголем. Менавіта гэтая бяда аднімае ўвесь час, грошы і жаданне гадаваць сваіх дзяцей. Члены камісіі праверылі ўмовы, у якіх непаўналетнія выхоўваюцца. Узрост іх самы розны – ад немаўлят да школьнікаў старшых класаў. На жаль, не ва ўсіх бацькоў у халадзільніках была ежа, не ва ўсіх шафах – крупы ці макароны. Па адным адрасе райцэнтра бацькі, якія відавочна нешта адзначылі ў папярэдні вечар, прызналіся, што сын наогул бывае ў іх рэдка, часцей застаецца ў бабулі.

Калі трапляеш у дом сям’і, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, кідаецца ў вочы беспарадак і антысанітарыя. Само па сабе паўстае пытанне: ці так складана прыбраць у хаце? Канечне, былі і выключэнні, нават трапляліся добрыя гаспадыні, але агульнае ўражанне склалі менавіта тыя дамы і кватэры, дзе пануе беспарадак.

Але не ўсё так дрэнна. Некаторыя сем’і здзіўлялі ў пазітыўным сэнсе. Напрыклад, Ірына ГАНЧАР, якая з’яўляецца маці пяцярых дзяцей. Рамонт у кватэры хоць і зроблены яшчэ не да канца, але бачна, што ён у працэсе, і ў параўнанні з папярэднім наведваннем прасунуўся наперад, на што  звярнулі ўвагу члены камісіі. У кватэры чыста, ды і халадзільнік поўніцца прыгатаванай ежай.

Медработнік правярала агульны стан дзяцей, а супрацоўнік МНС – наяўнасць у дамах і кватэрах спраўных прыбораў АПІ. Ад РГА “Белая Русь” члены камісіі ўручалі новыя батарэйкі для апавяшчальнікаў бясплатна, каб засцерагчы ад небяспекі жыхароў. Паралельна     ў рамках рэспубліканскай акцыі МНС “Не прапальвай сваё жыццё” Дзмітрый Шаўчанок праводзіў тлумачальныя размовы з бацькамі, заклікаючы іх не паліць у жылых памяшканнях.

соп2

– Па выніках рэйду экстраннага адабрання дзяцей з сем`яў зроблена не было, – рэзюмавала Таццяна Гаўрыловіч. – Асноўныя рэкамендацыі, якія дадзены бацькам, датычыліся навядзення парадку, рамонту і догляду дзяцей, а таксама пошуку працы.

Выпраўляцца заўсёды цяжка, тым больш, калі гаворка ідзе аб дрэнных звычках. Але зрабіць тое неабходна дзеля будучыні дзяцей.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *