Спектакль “Жанчына мора” можна пабачыць у Магілёўскім абласным драматычным тэатры

Спектакль “Жанчына мора” па п’есе нарвежскага драматурга Г. Ібсена можна пабачыць у Магілёўскім абласным драматычным тэатры.

элліда

…І калі кожная нешчаслівая сям’я няшчасная па-свойму, як разабрацца, што кіруе людзьмі пры выбары, што прымушае змяняцца ці, наадварот, заміраць, што робіць іх шчаслівымі або няшчаснымі? Спробай адказу на гэтыя пытанні з’яўляецца спектакль Саўлюса Варнаса “Жанчына мора”. Спробай – таму што адказаць адназначна і канчаткова не ўяўляецца магчымым, бо пастаўленыя ў спектаклі пытанні вечныя, як і пошукі адказаў на іх.

У намаганні разгадаць скрытыя імпульсы і інтэнцыі герояў мы акунаемся ў прастору спектакля з галавой – так пабудавана сцэнаграфія. Абсалютна ўсё – светлае, колеру марской солі, і таму дапамагае сканцэнтравацца на сюжэце. Але ўвесь час нешта адбываецца па той бок: празрыстае палатно, нацягнутае ад краю да краю сцэны, дазваляе зазірнуць за акрэсленую мяжу падзей. За ёй разгортваецца іншае жыццё, унутранае, напружанае, якое таемна рухае героямі.

Яны смяюцца. І гэта не проста нервовая ўсмешка, а нешта большае: з аднаго боку, рэакцыя на невырашальную ўнутраную супярэчнасць, якая, дарэчы, у кожнага свая, а з другога, – спроба запоўніць прабел недамоўленасці і неразумення паміж сабой і блізкім чалавекам. Здагадкі, якія не здольныя замяніць шчырую размову, што выкрывае ўласныя пухліны, распальваюць нутро герояў. Але ў выніку аказваецца, што ніхто не меў рацыі…

Падыходзячы да мяжы ўласнага цярпення, чалавек сутыкаецца з магчымасцю выбраць эскапізм ці перайсці некаторы парог, разабрацца з супярэчнасцю ўнутры сябе. Але першае – усяго толькі змена парадыгмы, альтэрнатыва суіцыду, калі супярэчнасць сапраўды вострая і невырашальная, і апрыёры не можа зрабіць чалавека свабодным і шчаслівым. Прычым, свабодным не ад знешніх кайданоў, але ад уласных. Гэта становіцца зразумела ў ходзе развіцця спектакля на працягу дзвюх з паловай гадзін, якія, дарэчы, пралятаюць вельмі хутка.

Сямейныя адносіны заўсёды складаныя для дэманстрацыі, трансляцыі са сцэны. Іх унутраныя сувязі гледачу трэба схопліваць як бы з-пад знешніх дзеянняў герояў. У гэтым Саўлюс Варнас: яму ўласціва перадаць больш, чым сказана. Метафізіку абстрактных паняццяў немагчыма выказаць словамі: яна патрабуе іншых сцэнічных увасабленняў. Гэта і ўстаўныя эпізоды ў выглядзе турыстаў з фотаапаратамі, і птушыныя гнёзды, якія немагчыма сагрэць, і спосаб існавання акцёраў на сцэне, іх пластыка, рытм дыхання. Для рэжысёра важна, каб спектакль як з’ява мастацтва быў прыгожым па сутнасці і па структуры – адсюль адзіны семантычны пучок усіх яго вобразаў, мастацкага афармлення. Але прыгожы не ў сваёй здольнасці ўразіць відовішчнасцю або спецэфектамі, а ў напрамку свайго руху ад неразумення да разумення, ад цемры да святла, ад хаосу да гарманічнай структуры. Метафары рэжысёра, тым не менш, складаныя, часта іх немагчыма спасцігнуць розумам, затое яны счытваюцца эмацыйна, даюць улавіць настрой герояў і прадвызначэнне таго, што ім давядзецца перажыць.

Эфектна перапыняе дзеянне пастаноўкі голас, які паўтарае фразы на манер зацыкленага ўнутранага дыялогу. Яго надакучлівасць прымушае звярнуць увагу на словы пра тое, што ўсе клеткі цела поўнасцю змяняюцца за сем гадоў, аднак гэта тое ж цела па структуры і вонкавым выглядзе. Значыць, павінна быць аснова, якая захоўвае яго ўласцівасці. Асоба не мяняецца ніколі – да такой высновы прыходзіць унутраны дыялог, маючы на ўвазе персону. Адной з вызначальных яе уласцівасцей з’яўляецца воля, звязаная са свабодай, таму што волевыяўленне пераадольвае сацыяльныя рамкі ўнутры самога чалавека. Голас не проста разважае – ён падводзіць да далейшых падзей, настройвае на іх.

У другім акце ёсць абсалютна трансавая сцэна сустрэчы Эліды з былым жаніхом і мужам. Тут на хвіліну губляешся: перастаеш разумець, адбываецца ўсё на самой справе ці гэта канфлікт унутры гераіні, які мучае яе. Разрыў паміж жаданым і надзённым створаны не абставінамі, а ілюзорнасцю таго, што здавалася важным – заручынаў з морам. Таму што, як лічаць экзістэнцыялісты, каханне ёсць пачуццё праяўленае, якое знайшло рэалізацыю, а туга Эліды па моры аказваецца не проста цягай да радзімы, а фіксацыяй на мінулых эмацыйных усплёсках, якія, у сваю чаргу, спараджаюць ілюзіі, тугу па страчаным магчымым, жаданне большага – але не чагосьці пэўнага, і адмаўленне, у рэшце рэшт, рэальнага. Адсутнасць добрай волі і свабоды, да якой так імкнецца гераіня, – толькі адчуванне адсутнасці, толькі апраўданне свайго непрыняцця бягучай сітуацыі. І тое, да чаго прыходзіць Эліда, – адмова ад путаў мінулага шляхам ажыццяўлення выбару тут-і-зараз.

Трэба па-рэжысёрску востра ўспрымаць тэкст, вычытваць у ім нейкую звышрэальнасць, каб затым рэалізоўваць яе ў спектаклі. І гэта таксама характэрная рыса Саўлюса Варнаса – выцягваць з літаратурнага твору квінтэсенцыю чалавечых адносін і ўзаемасувязей, падпарадкоўваючы пры гэтым спектакль уласнаму бачанню праблемы.

Алена БЫКАВА.

Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным драматычным тэатрам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *