Сямейнымі здымкамі падзялілася з рэдакцыяй раёнкі мінчанка Алена Старавойтава

Цікавымі сямейнымі здымкамі падзялілася з рэдакцыяй раёнкі мінчанка Алена СТАРАВОЙТАВА.

Безимени-1

Яе дзяцінства прайшло ў Бялынічах. Бацька, як распавядае Алена Сяргееўна, захапляўся фатаграфіяй, таму здымкаў у сямейным альбоме захавалася шмат. Той, што друкуецца зараз, зроблены пасля Вялікай Айчыннай вайны. На ім Іван (справа) і Яўген ШАРАХОЎСКІЯ, якія даводзіліся стрыечнымі братамі яе бацьку Сяргею СТАРАВОЙТАВУ. Старэйшы брат Іван Захаравіч (Янка Шарахоўскі) – вядомы беларускі пісьменнік і літаратуразнаўца. Пасля школы ён вырашае звязаць сваё жыццё з педагагічнай дзейнасцю, паспяхова заканчвае Магілёўскі педтэхнікум, а потым Ленінградскі гісторыка-лінгвістычны інстытут. Аднак працоўны шлях пачынае з рэдакцыі часопіса “Чырвоная Беларусь”, працуе ў газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Полымя рэвалюцыі”. Падчас Вялікай  Айчыннай вайны Іван Шарахоўскі змагаўся з ворагам пад Масквой, на Бранскім, 2-м Прыбалтыйскім і Ленінградскім франтах, быў інструктарам франтавой газеты. Пасля вайны працаваў адказным сакратаром часопіса “Полымя”, галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва” (1959-1961 гг.), з 1961 па 1968 гады быў дырэктарам літаратурнага музея Янкі Купалы.

Калі Іван Захаравіч прыязджаў на малую радзіму, то часта спыняўся ў доме сваёй цёткі Еўдакіі СТАРАВОЙТАВАЙ-ШАРАХОЎСКАЙ, бабулі Алены Сяргееўны.

Яўген Захаравіч быў кадравым ваенным. Ён скончыў Арлоўскае ваеннае вучылішча. Падчас вайны пасля навучання ў школе разведчыкаў быў закінуты ў складзе дыверсійнай групы на Віцебшчыну для арганізацыі партызанскага атрада.

Яўген Шарахоўскі ўдзельнічаў у 1945-м годзе ў парадзе Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве. Алена Старавойтава ўспамінае, што дзядзька бываў у Бялынічах амаль кожнае лета, вельмі любіў прыходзіць на Ільінскую гару і любаваўся адтуль краявідамі роднага мястэчка. Падчас сваіх прагулак часта браў з сабою і яе, расказваў шмат цікавага. На жаль, пасля яго смерці ў Маскве прапалі ўсе дзядзькавы каштоўныя рэчы, фотаздымкі, кнігі…

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота з архіва

Алены Старавойтавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *