Захацеў пакатацца з вецярком…

Неаднаразова судзімы жыхар Лісаўкі Міхаіл Г. часта блытаў сваю маёмасць з чужой. Асабліва тады, калі яго розум затуманьваў алкаголь.

Вось і чарговая раніца кастрычніка пачалася з ужывання спіртнога. Выпітага падалося мала, таму ён вырашыў папрасіць знаёмага Мікалая Г. адвезці яго ў магазін па чарговую бутэльку.

“Фальксваген” Мікалая быў прыпаркаваны каля хаты аднавяскоўца Пятра К.

— Выдатна, — падумаў пра сябе мужчына. — Значыць, вадзіцель будзе ў доме і не адмовіць.

Міхаіл павітаўся з гаспадаром і заўважыў, што яго знаёмы спіць. Ключ ад аўтамабіля ляжаў побач і нібыта сам прасіўся ў рукі. Міхаіл папрасіў у Пятра тэлефон, каб пагаварыць з сужыцелькай. Жанчына па голасе здагадалася, што яе грамадзянскі муж выпіў і націснула “адбой”. Незадаволены кароткай размовай, Міхаіл выйшаў з хаты і заадно прыхапіў з сабой ключ ад машыны. Раз гаспадар машыны спіць, то чаму ён сам не можа з’ездзіць у магазін?

“Фальксваген” лёгка пакаціўся па вёсцы. Па дарозе Міхаіл сустрэў суседку.

— Бачыш, якая ў мяне машына? — пахваліўся ён перад жанчынай. — У Мікалая купіў!

Шлях да бліжэйшай гандлёвай кропкі  ў Вялікай Машчаніцы быў кароткі, але Міхаіл не надта спяшаўся яго пераадолець. Калі ж яшчэ будзе такая магчымасць пакатацца з вецярком? Раптам ён заўважыў, што збоку яго абганяе МАЗ. Гэткага нахабства Міхаіл сцярпець не мог і вырашыў не саступаць дарогу. У выніку, “Фальксваген” зачапіў грузавы аўтамабіль і атрымаў механічныя пашкоджанні. Але Міхаіл палічыў сябе невінаватым у ДТЗ і не думаў спыніцца. Ён вырашыў паімчаць у Бялынічы да сваёй сужыцелькі, каб пахваліцца майстэрствам кіравання аўто. Але далёка ад’ехаць не паспеў. Відавочцы ДТЗ патэлефанавалі ў РАУС. Супрацоўнікі ДАІ аператыўна перахапілі п’янага вадзіцеля. Падчас медыцынскага агляду ў ЦРБ высветлілася, што ў крыві Міхаіла ўтрымлівалася 2,6 праміле алкаголю. Па інфармацыі ДАІ, парушальнік “наездзіў” на 9 адміністрацыйных пратаколаў.

Суд улічыў усе акалічнасці справы і прызначыў Міхаілу пакаранне па ч. 1 арт. 214 Крымінальнага кодэкса РБ ў выглядзе штрафу памерам 920 рублёў (40 б. в.).

Таццяна КОЗЫРАВА,

ст. следчы РАСК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *