З 27 лістапада па 3 снежня праваахоўнікі склалі 19 адміністрацыйных пратаколаў
Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 27 лістапада па 3 снежня праваахоўнікі склалі 19 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 9, за сямейны скандал – 3, дробнае хуліганства – 7.
Рухавікі спатрэбіліся. Занепакоены магіляўчанін патэлефанаваў у РАУС і паведаміў, што невядомыя вырвалі дзверы хлява на яго пілараме, якая знаходзіцца ў вёсцы Голубаўка, і скралі адтуль 3 электрарухавікі і вентылятар высокага ціску. Узбуджана крымінальная справа.
Трагедыя. 27 лістапада ў рэанімацыйнае аддзяленне ЦРБ патрапілі два працаўнікі ДЭУ-74 з дыягназам: “спалучаная траўма, пераломы левага і правага сцёгнаў, траўматычны шок”. Высветлілася, што іх прыціснула каўшом пагрузчыка на рабочым месцы. Праверку праводзіць РАСК.
Брыдкасловіла. Раніцай 30 лістапада ў міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што бялынічанка ў стане алкагольнага ап’янення падышла да ўніверсама “Ластаўка” і лаецца нецэнзурнымі словамі на адрас працаўнікоў райста. Праваахоўнікі выдалі некультурнай жанчыне адміністрацыйны пратакол.
Злавіла на “гарачым”. Загадчыца ўніверсама “Ластаўка” патэлефанавала ў дзяжурную службу РАУС і паведаміла, што ў гандлёвай зале яна затрымала малалетнюю дзяўчынку, якая хацела скрасці цукеркі. Праверку праводзіць ІСН.
Працавітыя суседзі. 2 снежня а дванаццатай гадзіне ночы ў РАУС звярнулася бялынічанка і паскардзілася на суседзяў, якія гучна працуюць электранструментам і перашкаджаюць адпачываць.
Неспакойна было і ў шматкватэрным доме па вуліцы Калініна, дзе занадта шумныя суседзі перашкаджалі вячэрняму адпачынку грамадзян.
Выпіў? Можна біць! Жыхарка Ланькава патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што яе сужыцель у стане алкагольнага ап’янення скандаліць, лаецца і хоча пабіць. Праверку праводзіць ААПіП.
Ганна КАВАЛЁВА.