Ужо восем гадоў Уладзімір Казлоў шчыруе вадзіцелем у БУКП «Жылкамгас»

Працоўная дзейнасць Уладзіміра КАЗЛОВА звязана з транспартам. Ужо больш за дзесяць гадоў ён шчыруе вадзіцелем, восем з якіх – у БУКП “Жылкамгас”.

Безимени-1

На прадпрыемстве ён працуе вадзіцелем смеццявоза. Раніцай Уладзімір Васільевіч атрымлівае ў дыспетчарскай спіс арганізацый, якія зрабілі заказ на вываз смецця, і едзе па заяўленых адрасах.

Смеццявоз, на якім працуе Уладзімір Казлоў, цалкам задавальняе яго. Дарэчы, атрымаў ён яго чатыры гады таму.

– За восем гадоў гэта ўжо другая мая машына, – адзначае Уладзімір Казлоў. – Аўтамабіль добры, таму ўпэўнена выязджаю на ім у рэйсы, ведаю, што не падвядзе.

У арганізацыях раёна, па словах Уладзіміра Казлова, смецце складзіруецца ў кантэйнерах. Робіцца ўсё гэта акуратна, адходы нідзе не параскіданы.

– За сваё жыццё аб’ездзіў нямала гарадоў і звяртаў увагу на чысціню вуліц, прысядзібных участкаў. Хачу адзначыць, што ў нашым горадзе жывуць у асноўным культурныя, добрасумленныя жыхары, – дадаў Уладзімір Васільевіч. – Ёсць, вядома ж, выключэнні, але іх няшмат: некаторыя нядбайныя жыхары любяць накідаць смецця каля кантэйнераў.

Сёлета ўпершыню ў нашай вобласці прайшоў конкурс вадзіцеляў смеццявозаў. Удзельнічалі ў ім дваццаць лепшых шафёраў з усіх куткоў рэгіёну. Адбор быў сур’ёзны: ва ўдзельніка павінна быць, як мінімум, 12 месяцаў безаварыйнага ваджэння аўтамабіля і ніводнага парушэння працоўнай дысцыпліны. БУКП “Жылкамгас” дастойна прадставіў у ім Уладзімір Казлоў.

За конкурс па ваджэнні Уладзіміру Васільевічу ўручылі Дыплом 3 ступені, а па агульных выніках з 20 удзельнікаў ён стаў восьмым.

Сваім дасягненнем Уладзімір задаволены. Да таго ж, атрымаў і Дыплом за ўдзел у конкурсе.

– Я разумеў, што выбралі мяне аднаго ад раёна, таму адчуваў адказнасць і стараўся, каб не падвесці, – падкрэсліў Уладзімір Казлоў.

Прафесійныя здольнасці Уладзіміра Васільевіча адзначыў і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце БУКП “Жылкамгас” Мікалай СЫЦЭВІЧ.

– Уладзімір – добры спецыяліст, прафесіянал сваёй справы, – падкрэсліў ён. – Як чалавек – старанны і прыязны. За час працы зарэкамендаваў сябе выключна са станоўчага боку. Варта адзначыць, што да яго можна звярнуцца ў любы момант: трэба – значыць, зробіць.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *