Аддалі доўг Радзіме
З сярэдзіны лістапада ў нашай краіне пачалося звальненне ў запас ваеннаслужачых пасля праходжання імі тэрміновай службы і службы ў рэзерве. Тысячы маладых людзей вярнуліся дадому з новымі ўражаннямі, сіламі і, магчыма, поглядамі на жыццё. Нездарма кажуць, што армія змяняе людзей: робіць хлопцаў больш мужнымі і дужымі.
Каля паўсотні бялынічан восенню бягучага года зволіліся ў запас. Сваімі ўражаннямі ад армейскай службы падзяліліся з чытачамі “Зары над Друццю” Ілья КАНДРАЦЬЕЎ і Аляксандр ПШЫХОДСКІ.
Яны служылі ў розных падраздзяленнях, але да фінішнай прамой ішлі адной нялёгкай дарогай. Той, хто служыў, ведае цану і значэнне кароткага, але такога ёмістага выразу, — “звальненне ў запас”. Менавіта гэтыя словы маюць на ўвазе пачуццё сумленна выкананага абавязку, адрэзак важнага жыццёвага шляху, які кожны салдат аддае арміі, а яшчэ – блізкую сустрэчу з роднымі, новы крок у самастойнае жыццё.
Ілья Кандрацьеў пасля таго, як скончыў ПЛ № 17, чакаў моманту, калі прыйдзе “заветная” павестка. Але атрымалася так, што тады хлопец трапіў у рэзерв каманды. І толькі ў наступны прызыў папоўніў шэрагі салдат. Як і марыў, трапіў на службу ў 5-ю асобную брыгаду спецыяльнага прызначэння, што дыслакуецца ў Мар’інай Горцы.
– Пасля службы засталіся толькі станоўчыя эмоцыі, – расказвае Ілья. – Стаўленне да салдат менавіта ў нашай вайсковай часці добрае, калі патрабавалася дапамога, заўсёды падтрымлівалі. Там з’явілася шмат сяброў, з якімі не хацелася расставацца.
Па словах маладога чалавека, ваенную часць ён пакінуў ненадоўга – прыйшоў дадому, каб тут ажаніцца з дзяўчынай, якая паўтара года чакала яго. Пасля гэтага Ілья Кандрацьеў разам з жонкай плануе вярнуцца ў Мар’іну Горку, каб працягнуць ваенную службу па кантракце.
За паўтара года на рахунку ў Ільі пяць скачкоў з парашутам. Адзін з іх – у студзені бягучага года, калі ўпершыню ў гісторыі суверэннай беларускай арміі вайскоўцы ажыццявілі дэсантаванне з ваенна-транспартнага самалёта Іл-76МД у цёмны час сутак.
– Гэты скачок, – прызнаецца ён, – быў самы запамінальны. Эмоцыі і адрэналін перапаўнялі.
Не абышліся без удзелу Ільі і сямідзённыя вучэнні Узброеных Сіл Беларусі і Расіі “Захад-2017”. Таксама ён прымаў удзел у ваенным парадзе на Дзень Незалежнасці ў Мінску.
– Падрыхтоўка заняла некалькі месяцаў, але яна таго каштавала, – адзначыў Ілья. – Прамаршыравалі лепш за ўсіх!
Звольніўся Ілья Кандрацьеў у званні радавога, воінская пасада –разведчык-кулямётчык. Але ў будучым ён будзе імкнуцца да атрымання нагруднага знака “Доблесць і майстэрства” – вышэйшай адзнакі ваеннаслужачых сіл спецыяльных аперацый.
А вось вайсковыя будні Аляксандра Пшыходскага выглядалі інакш.
– Даўно вырашыў для сябе, што адслужу, – расказае Аляксандр. – Лічу, што кожны хлопец павінен прайсці праз войска.
Да службы ў арміі ён скончыў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Інжынер. Пад’ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне”. Пасля гэтага прайшоў медкамісію, атрымаў заключэнне – “прыдатны”. І чакаў таго самага дня, калі патрапіць у вайсковую часць.
Лёс склаўся так, што Аляксандр стаў пагранічнікам, служыў у Брэсце.
– Спачатку, як і для ўсіх, было нязвыкла, – прызнаецца ён. – Але з цягам часу ўцягнуўся. Затым быў накіраваны ў навучальны цэнтр Інстытута пагранічнай службы Беларусі, што ў Смаргоні. У мае абавязкі ўваходзіла абслугоўванне сігналізацыйнага комплексу, усяго тэхнічнага і электрычнага абсталявання.
Пасля салдат размеркавалі па заставах. Аляксандра адправілі на 15-ю пагранічную заставу, якая знаходзіцца ў в. Ліпінкі, за пяцьдзясят кіламетраў ад абласнога цэнтра.
Па расказах Аляксандра, служба ў пагранічнікаў заключаецца ў дзяжурствах, так званых дазорах: нарады ў складзе двух і больш пагранічнікаў, якія ахоўваюць пэўны ўчастак дзяржаўнай мяжы.
– Адзін фланг у абодва бакі складаў каля 25 кіламетраў, – расказаў Аляксандр Пшыходскі. – Адразу было нязвыкла такую адлегласць прайсці пешшу, потым ужо ўвайшоў у рытм.
– Калектыў наш быў маленькі, усяго трынаццаць чалавек разам з афіцэрскім складам, – адзначае Аляксандр. – Жылі дружна. Не ведалі, як складзецца абстаноўка і што спатрэбіцца, таму былі адзін за аднаго. Менавіта армія дапамагла зразумець, што такое сапраўднае сяброўства.
Зараз, калі за плячыма год армейскай службы, Аляксандр Пшыходскі запэўнівае ў тым, што кожны сапраўдны мужчына павінен прайсці службу ў войску.
– Гэта надае мужнасці, упэўненасці ў сабе і сваіх дзеяннях, – адзначае ён. – Пры прыёме на працу заўсёды пытаюцца, ці служыў ты. Бо гэта шмат пра што кажа: якое адказнае заданне табе можна даверыць, калі ты ні разу не трапляў у сур’ёзныя сітуацыі, якія патрабуюць хуткага рашэння? А калі чалавек прайшоў праз армейскі рэжым – на яго можна разлічваць.
Зараз Аляксандр збірае патрэбныя дакументы для таго, каб быць атэставаным для ўключэння ў афіцэрскі састаў.
Марыя ШУТ.
Фота аўтара.