У Вішоўскім СЦКіВЧ адбыўся сольны канцэрт дырэктара гэтай установы культуры Алены Хартавай

ЕленаДнямі ў Вішоўскім СЦКіВЧ для жыхароў і гасцей аграгарадка адбыўся сольны канцэрт дырэктара гэтай установы культуры Алены ХАРТАВАЙ.

Кіраўнік сельскага ачага культуры і пры тым мясцовая “зорка” эстрады – з’ява для нашага раёна даволі адметная. Дый час сёння ставіць такія патрабаванні, што чалавек, адказны за культуру на вёсцы, павінен валодаць і творчымі, і арганізатарскімі здольнасцямі, карацей кажучы, быць таленавітым ва ўсім. Дадайце да гэтага яшчэ працавітасць, невычэрпную жыццёвую энергію і атрымаеце творчы партрэт Алены Хартавай.

З ранняга дзяцінства яе спадарожніцай па жыцці стала песня. Свой працоўны шлях Алена Міхайлаўна таксама звязала з творчай дзейнасцю. І небеспаспяхова.  Удзельнікі мастацкай самадзейнасці з Вішова, у ліку якіх заўсёды прысутнічала артыстка, выступалі на розных сцэнічных пляцоўках нашай краіны: у Александрыі, на “Дажынках” і “Славянскім базары”. Акрамя таго, наведвалі з канцэртнымі нумарамі горад-пабрацім Рыльск у Расійскай Федэрацыі, пабывалі і ў Маскве.

Мара зладзіць “сольнік”, як адзначыла віноўніца ўрачыстасці, нарадзілася ў яе даўно. Знайшлася і нагода – 30 гадоў творчай дзейнасці. Менавіта ў 8-гадовым узросце Алена атрымала сваю першую ўзнагароду на адным з абласных вакальных конкурсаў. 

Трио

 

Павіншаваць артыстку з творчым юбілеем завіталі яе бацькі, настаўнікі, калегі, аднавяскоўцы. Для іх Алена Міхайлаўна выканала лепшыя ранейшыя і новыя песні свайго рэпертуару. Музыкальныя падарункі прагучалі ў выкананні Міхаіла ГУБІЧА і Сяргея БАНЧАКА, народнага вакальнага ансамбля “Вабічанскія ўзоры”, юных артыстак Дар’і ДЗЯНІСАВАЙ і Вольгі КАНДРАШОНАК. 

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *