Залаты медаль за хлеб

Залатога медаля і Гран-пры III ступені ўдастоена прадукцыя аддзела прамысловасці райспажыўтаварыства ў Рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Смаката – 2017”, які прайшоў у рамках Міжнароднага хлебнага салона.

Хлеб белы “Яечны” заваяваў залаты медаль, а бісквітны рулет “Варанька” прынёс у скарбонку аддзела прамысловасці статуэтку Гран-пры. Высокую якасць хлебабулачных вырабаў па заслугах ацанілі эксперты і журы конкурсу.

хлеб– Бісквітны рулет, які атрымаў Гран-пры, мы выпякаем пастаянна, – распавядае кандытар 6 разраду Валянціна ЮШКЕВІЧ. – Тэхналогія яго прыгатавання даволі простая, але, тым не менш, гэты ласунак карыстаецца папулярнасцю ў спажыўцоў, таму і вырашылі выставіць яго на конкурс. І не прагадалі.

Трэба сказаць, што ў хлебабулачным цаху вырабляецца да 35 найменняў прадукцыі, з іх 12 – хлеба. Кандытарскі цэх выпускае да 50 найменняў ласункаў, і яго асартымент пастаянна абнаўляецца.

– У гэтым годзе распрацавалі новыя віды мучных прысмакаў: пячэнне “Усходняе” і “Разыначка”, “Амерыкана”, міні-кексы “Захапленне”, мафіны з вішняй, пясочныя сандвічы, – кажа начальнік аддзела прамысловасці райспажыўтаварыства Алена БАНДАРЭНКА. – Сталі таксама выпускаць хлеб “Мараўскі”, “Дзіўны колас”, “Тоставы    Старадарожскі”, “Кракаўскі”, “Польскі”. Іх асаблівасць у тэхналогіі прыгатавання: выкарыстоўваюцца зерневыя дабаўкі і спецыяльныя закваскі. Добрым попытам цяпер карыстаюцца нашы сухары “Гомельскія” і “Да чаю”, іх выпускаем каля 2 тон у месяц.

У цаху водар хлеба ахутвае ўсіх, хто ўваходзіць у яго. Цеста, замяшанае ў спецыяльных ёмістасцях, трапляе на пякарскі стол. Кожная булка праходзіць праз рукі пекара, затым адпраўляецца ў печ, і ўжо пасля гэтага – на прылавак.

хлеб2– Стараемся зрабіць нашы прадукты не толькі якаснымі, але і знешне прывабнымі для пакупніка, выпякаем булкі розных цікавых формаў і відаў, – дзеліцца вытворчымі хітрасцямі пекар 4 разраду Ірына КАРАТКЕВІЧ.

У месяц з хлебных пячэй цэха да спажыўцоў адпраўляецца каля 150 тон хлебабулачных вырабаў, кандытарскіх – прыкладна 7-8 тон. Яны рэалізоўваюцца не толькі ў Бялыніцкім, але яшчэ і ў Круглянскім раёне. Можна купіць нашу прадукцыю і ў Магілёве: там яна прадаецца ў гандлёвых сетках ААТ “Задняпроўе” і ААТ “Зернетэхналогія”.

– Мы вядзем перагаворы з сеткай магазінаў “Перекрёсток” горада Магілёва, каб рэалізоўваць праз іх сваю прадукцыю, – кажа Алена Бандарэнка. – Гэта, мабыць, адна з нашых асноўных задач на будучы год – пашырыць дыяпазон рэалізацыі. Калі казаць аб іншых планах, то ў наступным годзе хочам таксама абнавіць абсталяванне – закупіць новую хлебапякарную ратацыйную печ для выпечкі формавага хлеба.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *