Бялынічане Дзяніс і Яніна РУЦКІЯ разам са сваімі дзеткамі Яраславам і Алісай прынялі ўдзел у шоу-праграме тэлеканала “Беларусь-1”
Бялынічане Дзяніс і Яніна РУЦКІЯ разам са сваімі дзеткамі Яраславам і Алісай прынялі ўдзел у шоу—праграме тэлеканала “Беларусь-1” і вярнуліся дадому з перамогай.
Кожны тыдзень на першым нацыянальным тэлеканале па суботах у эфір выходзіць забаўляльная праграма “Шчаслівы вечар”, удзел у якой прымаюць самыя творчыя і крэатыўныя сем’і з усіх куточкаў нашай краіны. Для таго, каб патрапіць на здымкі, неабходна падчас прагляду тэлеперадачы сабраць 10 лічбаў спецыяльнага коду і патэлефанаваць на тэлебачанне. Першыя тры сям’і, якія назавуць правільны код, запрашаюцца да ўдзелу ў шоу.
– Мы з жонкай не аднойчы збіралі патрэбны код, – гаворыць Дзяніс Руцкі. – Але пашанцавала толькі зараз. Да таго ж, якраз незадоўга да здымкаў выйшаў са строю халадзільнік. Мы палічылі гэта добрым знакам, бо галоўны прыз, за які спаборнічалі сем’і ў шоу, быў менавіта гэты прадмет бытавой тэхнікі.
Дзяніс і Яніна падрыхтавалі творчы нумар на песню Алега Газманава “Марачка”. Актыўна дапамагалі ім старэйшы сын Яраслаў, сястра Дзяніса Валерыя і хрэсніца Сафія.
– Сцэнічныя касцюмы нам прадаставіла кіраўнік узорнага харэаграфічнага калектыву РЦК “Созвездие” Ірына КАЗІМІРСКАЯ. Яна ж дапамагла і з пастаноўкай нумара, – адзначае Дзяніс Руцкі.
– Увогуле, пазітыўных эмоцый ад удзелу ў шоу-праграме было шмат. Мы пазнаёміліся з зоркамі беларускай эстрады, атрымалі шмат каштоўных парад ад нашага куратара, салісткі гурта Napoli Вольгі ШЫМАНСКАЙ, ну і, безумоўна, арганізатары падрыхтавалі яшчэ адзін сюрпрыз – феерверк, які быў запушчаны ў Бялынічах, – дадае Дзяніс.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота з архіва сям’і Руцкіх.