18 снежня бягучага года ў нашай краіне адзначаецца 100-годдзе органаў ЗАГСу

лазовс18 снежня бягучага года ў нашай краіне адзначаецца 100-годдзе органаў ЗАГСу. З гэтай нагоды прэс-канферэнцыю ў прэс-цэнтры рэдакцыі правяла начальнік аддзела ЗАГСу райвыканкама      Наталля ЛАЗОЎСКАЯ.

– Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра функцыі аддзела. З якімі вынікамі завяршаеце гэты знамянальны год?

– Усе самыя важныя моманты жыцця рэгіструюцца і дакументы аб гэтым захоўваюцца ў нашым архіве. Наогул, існуе 15 адміністрацыйных працэдур, якія мы выконваем. У лік іх уваходзяць, напрыклад, устанаўленне бацькоўства, змена прозвішча і імя, выдача паўторных пасведчанняў, усынаўленне, выдача пасведчанняў аб смерці. З-за разыходжання ў напісанні літар “ё” і “е” ў прозвішчы, бывае, прыходзіцца падымаць увесь архіў, каб заверыць дакументы на спадчыну. Таксама  атрымліваем шмат карэспандэнцыі з-за мяжы, высылаем па запытах даведкі былым жыхарам раёна. Такім чынам, галоўны вынік кожнага года працы – збіраць і захоўваць дадзеныя.

Акрамя гэтага, сёлета былі праведзены прымеркаваныя да юбілею мерапрыемствы: конкурс на лепшае вясельнае фота, выстава “Счастливые лики семьи”, ушанаванне бацькоў сотага нованароджанага бялынічаніна, а таксама ўрачыстае замацаванне дзесяцігадовага шлюбу трох шчаслівых сем’яў.

– А ці часта жыхары раёна аддаюць перавагу простаму роспісу замест урачыстай рэгістрацыі шлюба ў ЗАГСе?

– Калі параўнаць лічбы, атрымліваецца, што за апошнія гады колькасць урачыстай рэгістрацыі шлюбаў знізілася. У 2012 годзе яна складала 76 %, у 2013 – 60 %, у 2014 – 45 %, а ў 2017 – 50 %. Канечне, гэта звязана з фінансавым становішчам людзей, яны стараюцца знізіць затраты наколькі магчыма. Аднак плата за ўрачыстую рэгістрацыю не такая непад’ёмная, і не цягне, акрамя таго, за сабой абавязковай арэнды, напрыклад, рэстарана. Не мае значэння, колькі вам гадоў, важна, каб гэты дзень запомніўся назаўсёды.

– Ці будзе магчымай у наступным годзе выязная рэгістрацыя шлюбу?    Як дорага гэта будзе каштаваць для маладых?

(Ганна К., г. Бялынічы.)

– Так, мы з радасцю правядзем выязную рэгістрацыю для ўсіх жадаючых. Гэта паслуга зараз вельмі папулярная сярод моладзі. Яе кошт зацверджаны рашэннем райвыканкама і складае ад 3 да 4 базавых велічынь у залежнасці ад сцэнарыя, як і ў іншых органах ЗАГСу. Наогул, такая паслуга апраўдана, калі сапраўды запланавана прыгожае эфектнае шоу, а не звычайная рэгістрацыя.

– “Зара над Друццю” кожны тыдзень віншуе маладых і бацькоў нованароджаных. А што рабіць жыхарам раёна, каб таксама трапіць у спіс такіх віншаванняў?

(Вікторыя М., аг. Вішоў.)

– Прыходзіць да нас. Дадзеныя з сельскіх саветаў паступаюць толькі раз на месяц – даволі рэдка. Калі дзіця нарадзілася ў ЦРБ, незалежна ад прапіскі бацькоў, яно можа быць зарэгістравана ў аддзеле ЗАГСу. Менавіта такім шляхам іх імёны могуць трапіць на старонкі раённай газеты.

Гутарыла Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *