І папера ператвараецца ў шэдэўр

Для творчага чалавека знайсці занятак па душы – невялікая праблема. Галоўнае, толькі мець жаданне.

Безимени-1

 

Жыхарка вёскі Лямніца Людміла КАРАЛЁВА некалькі гадоў таму пазнаёмілася праз інтэрнэт з папяровай пластыкай – пляценнем з газетных трубачак. Хутка асвоіла новы занятак і зараз стварае сапраўдныя папяровыя шэдэўры. З-пад яе працаўлівых рук выходзяць кошыкі, пано, сувеніры, цацкі і многае іншае.

– Адных пано ў выглядзе савы зрабіла ці не дзвесце штук, – усміхаецца Людміла Рыгораўна. – А кніг па пляценні з паперы хутка будзе цэлая бібліятэка! Дзе толькі ні ўбачу новую, абавязкова набуду.

– Увогуле я вельмі люблю эксперыментаваць з паперай, спрабую стварыць нешта эксклюзіўнае. Шмат ідэй знаходжу ў інтэрнэце. Аднойчы не атрымліваўся адзін складаны элемент, то ў тры гадзіны ночы падхапілася і да раніцы навучылася яго рабіць, – дадае рукадзельніца.

Дарэчы, да захаплення яна актыўна далучае і членаў сваёй сям’і, і аднавяскоўцаў. Пры Масцішчанскім сельскім клубе, загадчыцай якога працуе Людміла Каралёва, створана аб’яднанне па інтарэсах

“Папяровая пластыка”.   Удзельнікі яго часта праводзяць выставы сваіх твораў. Прычым выстаўляюцца не толькі ў мясцовым ачагу культуры, але і ў Вішоўскім СЦКіВЧ, і у РЦК, і падчас правядзення святочных мерапрыемстваў у аграгарадку Вішоў і Ліпавым гаі ў Бялынічах.

– Вельмі шмат вырабаў падарыла сваім дзецям, – гаворыць Людміла Рыгораўна. – А яны даюць мне асноўны матэрыял для творчасці – паперу. Дый унукі, калі прыязджаюць на канікулы, з задавальненнем нарыхтоўваюць трубачкі для пляцення, дапамагаюць пафарбаваць гатовыя работы.

Фотаздымкі папяровых шэдэўраў Людміла Рыгораўна выкладвае на сваю старонку ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”. Там у яе з’явілася шмат сяброў-аднадумцаў, з якімі ахвотна дзеліцца ідэямі і творчымі планамі.

dav

dav

dav

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара і з архіва Людмілы Каралёвай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *