Дапамагчы ўстанавіць праўду

У прэс-цэнтры рэдакцыі раённай газеты “Зара над Друццю” прэс-канферэнцыю правёў начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертыз міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта     судовых экспертыз Віктар РАКУЦЬ.

ракуць

Віктар Васільевіч, раскажыце падрабязней, чым займаюцца судовамедыцынскія эксперты?

– У нашы абавязкі ўваходзіць правядзенне экспертыз трупаў для ўстанаўлення прычын смерці і ў адносінах да фізічных асоб для вызначэння характару і ступені цяжкасці прычыненых ім цялесных пашкоджанняў. У першую чаргу праводзім экспертызы па пастановах праваахоўных і судовых органаў для аказання дапамогі пры расследаванні крымінальных спраў і разглядзе грамадзянскіх.

Судова-медыцынскія эксперты даследуюць трупы не толькі ў выпадку гвалтоўнай смерці або падазрэння на яе. Да гэтай катэгорыі адносяцца і тыя, хто раптоўна памёр ад захворвання, якое ўтоена працякала. Аб’ём даследаванняў, якія праводзяцца пры экспертызе трупа супрацоўнікамі міжраённага аддзела ДКСЭ, значна большы, чым паталагаанатамічных.

Акрамя таго, судова-медыцынскія эксперты выязджаюць на месцы здарэння, прымаюць удзел у следчых эксперыментах і судовых пасяджэннях. Наша работа адказная і карпатлівая. Эксперт павінен дэталёва абгрунтаваць атрыманыя вынікі, каб суддзя, следчы, любы спецыяліст уяўляў аб’ектыўную карціну таго, што адбылося.

– З якімі пытаннямі да судмедэкспертаў могуць звярнуцца грамадзяне?

– Распаўсюджана меркаванне, што судова-медыцынскія эксперты займаюцца толькі трупамі. Але гэта не так: значная ўвага (прыкладна, 70 % экспертыз) надаецца агляду фізічных асоб, якія  атрымалі траўмы на вытворчасці, у выніку ДТЗ, у побыце, што называецца, зняцце пабояў. Эксперту ў кожным  выпадку неабходна вызначыць ступень цяжкасці прычыненых цялесных пашкоджанняў, што важна для вынікаў следства і суда.

Прычым, пашкоджанні могуць быць не толькі механічнага характару, г. зн., ад      удараў. Таксама магчымыя іншыя варыянты, напрыклад, бактэрыяльныя атручванні няякаснай ежай. У маёй практыцы аднойчы быў выпадак, калі пасля вясельнага застолля ў бальніцу з  атручваннем рознай ступені трапілі 27 чалавек.

Таксама ажыццяўляем гэтыя і іншыя даследаванні на платнай аснове для фізічных, юрыдычных асоб і       індывідуальных прадпрымальнікаў з выдачай экспертызнага заключэння.

Напрыклад, здараецца сітуацыя, калі спадчынадаўца пакінуў маёмасць або яе частку нечаканаму спадчынніку, малазнаёмаму чалавеку, а ў баку засталіся блізкія сваякі. Ці разумее чалавек, які жадае распарадзіцца сваёй маёмасцю, значэнне сваіх дзеянняў і ці можа імі кіраваць, дапаможа высветліць псіхолага-псіхіятрычная экспертыза па ўстанаўленні здольнасці грамадзяніна заключаць здзелкі.

– Ці праводзіце вы экспертызы па ўстанаўленні бацькоўства?

– Генетычныя экспертызы па ўстанаўленні бацькоўства праводзяць спецыялісты абласнога ўпраўлення лабараторных даследаванняў рэчавых доказаў біялагічнага характару. Мы можам зрабіць забор матэрыялу для яго, двух узораў сліны (мяркуемага бацькі і дзіцяці) і перадаць у Магілёў.

– Думаю, многіх зацікавіць, як стаць судовым медыцынскім экспертам?

– Для гэтага неабходна скончыць вышэйшую дзяржаўную медыцынскую ўстанову па спецыяльнасцях: “Лячэбная справа”, “Педыятрыя”, “Медыка-прафілактычная справа”. Затым выпускнікоў чакае гадавая перападрыхтоўка ва УА “Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў” Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь. Пасля размеркавання будучы эксперт прыязджае на месца працы, дзе пад настаўніцтвам непасрэднага кіраўніка стажыруецца на працягу паўгода, асвойвае прафесію на практыцы. І, нарэшце, пасля паспяховай здачы экзамена на прысваенне кваліфікацыі “эксперт” прыступае  да самастойнай  працы.

Гутарыў

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *