Новаўвядзенні ў сферы кантрольнай дзейнасці

У Камітэце дзяржкантролю Магілёўскай вобласці прайшоў брыфінг па пытаннях рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.10.2017 № 376 “Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці”.

Кантралёры растлумачылі праз СМІ асноўныя новаўвядзенні ў сферы кантрольнай (нагляднай) дзейнасці, якія ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2018 г. Звернута ўвага на тое, што з 1 студзеня наступнага года амаль трэць кантрольных і наглядных органаў страцяць свае паўнамоцтвы на правядзенне праверак (органы ведамаснага кантролю, міністэрствы ўнутраных спраў, лясной гаспадаркі, сувязі і інфарматызацыі, спорту і турызму, энергетыкі, рэспубліканскі Цэнтр па  аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні і іншыя).

З наступнага года планавыя праверкі праводзіцца не будуць. Уводзіцца такое паняцце, як выбарачная праверка. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што яна будзе прызначацца з улікам крытэрыяў ацэнкі ступені рызыкі на падставе вынікаў аналізу наяўнай інфармацыі, што паступіць у распараджэнне кантрольнага (нагляднага) органа, і якая сведчыць аб высокай ступені рызыкі парушэння заканадаўства.

Сутнасць крытэрыяў рызыкі – ацаніць верагоднасць парушэнняў заканадаўства або прычынення шкоды ў выніку дзейнасці суб’екта жыццю або здароўю чалавека, навакольнаму асяроддзю, інтарэсам дзяржавы, законным інтарэсам фізічных і юрыдычных асоб. У каго вышэй ступень рызыкі, тых і будуць правяраць. Такі парадак запрацуе з 1 студзеня 2019 года.

Для праверкі таго ці іншага суб’екта будуць патрэбны сур’ёзныя падставы, пацверджаныя дакументальна. Таксама падлягаюць вывучэнню толькі тыя пытанні, да якіх адносяцца факты і абставіны, што паслужылі падставай для назначэння пазапланавай праверкі.

З 1 студзеня 2018 года ўсім дзяржаўным органам, якія ажыццяўляюць нагляд у форме праверак, іх правядзенне будзе дазволена толькі з выкарыстаннем кантрольных спісаў пытанняў (чэк-лістоў). Пры гэтым, іх формы павінны быць зацверджаны рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, дзяржарганізацый, падначаленых Ураду, і загадзя размешчаны на афіцыйных сайтах кантрольных (наглядных) органаў.

Акцэнтавана ўвага на тым, што будзе жорстка адсочвацца захаванне кантрольнымі і нагляднымі органамі ўсіх  устаноўленых заканадаўствам патрабаванняў. Неабгрунтаванае ўмяшальніцтва кантралёраў у дзейнасць суб’ектаў недапушчальнае.

Акрамя таго, за грубыя парушэнні пры арганізацыі і правядзенні праверак прадугледжана адміністрацыйная адказнасць правяраючых, а за неабгрунтаванае назначэнне праверак з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў або асабістай зацікаўленасці – крымінальная.

Алег САДОЎСКІ,

старшыня Камітэта дзяржкантролю

Магілёўскай вобласці.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *