У мінулую пятніцу ў РЦК прайшла традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі

У мінулую пятніцу ў РЦК задорна і весела гучалі звонкія галасы маладых хлопцаў і дзяўчат. Тут прайшла традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія сёлета, скончыўшы ВНУ і каледжы, атрымалі ва ўстановах, арганізацыях, гаспадарках, на прадпрыемствах Бялыніччыны свае першыя рабочыя месцы.

спец 022

Менавіта ў нашым раёне кожны з іх у 2017 годзе пачаў запаўняць новую старонку ўласнага жыццяпісу – працоўную. А вось якой яна будзе, канечне ж, залежыць толькі ад іх саміх – ад іхняй настойлівасці і актыўнасці, прафесіяналізму, жадання пераймаць вопыт старэйшых калег.

Удзел у сустрэчы з маладымі спецыялістамі прынялі старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА, дырэктар ПМК № 241, заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь Уладзімір РАМАНЕНКА, начальнік РАУС Сяргей КРАСНОЎ, начальнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга ТАРАН, аддзелаў эканомікі, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, арганізацыйна-кадравай работы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва, ЗАГСу, адпаведна, Алена СЕЛІВЕСТРАВА, Ірына ФУРСАВА, Ала ГАПЕЕВА, Галіна ПАНЦЯЛЕЕВА, Віталь ВЯРГЕЙЧЫК, Наталля ЛАЗОЎСКАЯ, землеўпарадкавальнай службы – Наталля ЛЯЎКОВІЧ, загадчык юрыдычнага сектара райвыканкама Вольга ПАЛОННІКАВА, галоўны ўрач ЦРБ Павел МАНЬКО, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна ЦЕЦЕРУКОВА, першы намеснік начальніка РАНС Аляксандр САДОЎСКІ, намеснікі дырэктараў ЦБП № 701 ААТ “ААБ “Беларусбанк” Людміла ДРАЗДОЎСКАЯ, лясгаса – Юлія КУДРАВЕЦ, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Наталля  БАРОДЗЬКА.

спец 014

Перад правядзеннем гэтага мерапрыемства прайшло ананімнае анкетаванне маладых спецыялістаў, якіх, адзначым, сёлета прыехала працаваць у раён значна больш чым у папярэднія гады, і 45,6 працэнта з іх з’яўляюцца ўраджэнцамі Бялыніччыны. Выключная большасць сёлетняга маладога працоўнага папаўнення (88,2 працэнта) на пытанне: “Ці задавальняе месца вашай працы?” – далі станоўчы адказ, патлумачыўшы, што атрымалі ў добрых калектывах цікавую працу, якая дастойна аплачваецца; маюць магчымасць набыць выдатны практычны вопыт; кіраўніцтва стварыла спрыяльныя ўмовы для жыцця і выканання службовых абавязкаў. Астатніх (11,8 працэнта) не задавальняюць узаемаадносіны з адміністрацыяй, невялікі аклад. Некаторым з іх хацелася б працаваць у іншай мясцовасці (бліжэй да дома) ці па іншай спецыяльнасці. І тут жа 2,9 працэнта прызналіся, што зрабілі няправільны выбар прафесіі, а 17,7 – яшчэ канчаткова не вызначыліся з адказам на гэта пытанне: фактар уласна суб’ектыўны і практыкай ды стварэннем умоў выправіць яго наўрад ці ўдасца. Але ў калектывах, дзе працуюць маладыя спецыялісты, варта звярнуць пільную ўвагу на работу па замацаванні іх. Па выніках анкетавання, толькі 30,9 маладых выпускнікоў навучальных устаноў, якія сёлета размеркаваліся працаваць у раён, пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі плануюць і надалей тут жыць і рабіць, а 51,5 працэнта са сваім далейшым выбарам яшчэ не вызначыліся. Гэта і ёсць мэтавая група, якая чакае да сябе значнай штодзённай увагі.

Мабыць, таму Мікалай Кадаценка і прапанаваў маладым спецыялістам правесці сустрэчу ў форме дыялогу.

— Для нас важна, каб вы больш гаварылі, прапаноўвалі, – запрасіў іх да гутаркі старшыня райвыканкама. – А мы ўсё возьмем на заметку. На ранейшых такіх вось сустрэчах таксама былі пажаданні маладых спецыялістаў. Напрыклад, некаторыя з іх наракалі, што ў Бялынічах няма кінатэатра. Правялі агульнараённы суботнік, і за заробленыя на ім грошы даўгабуд быў завершаны. Бялынічане атрымалі ў сваё распараджэнне цудоўны кінатэатр з сучасным абсталяваннем, з дапамогай якога дэманструюцца фільмы ў фармаце 3D, а прэм’еры іх адбываюцца адначасова са сталічнымі кінатэатрамі.

На леташняй сустрэчы пыталіся, калі ў нашым горадзе будзе магазін “Еўраопт”? Адказваю: адкрыецца ўжо сёлета.

Былі пытанні наконт досугу моладзі. Пачалі праводзіць дыскатэкі, сямейныя сустрэчы… Нашы ўсё ўмеюць рабіць. Галоўнае, каб вы наведвалі ўсе гэтыя мерапрыемствы, удзельнічалі ў іх, самі праяўлялі актыўнасць. У раёне праводзяцца разнастайныя спаборніцтвы, у тым ліку праходзіць і круглагадовая спартакіяда сярод працоўных калектываў. Мала іх, будзем арганізоўваць яшчэ больш і часцей.

На сустрэчы зайшла размова і пра бачанне маладымі спецыялістамі свайго прафесійнага росту, ці маюць яны зараз патрэбу ў настаўніку. Да слова сказаць, высветлілася, што амаль за паловай з іх такі куратар ужо замацаваны, як ёсць і такія, хто мае патрэбу ў настаўніку. Па інфармацыі галоўнага ўрача ЦРБ Паўла Манько, у райбальніцы за кожным маладым спецыялістам пастаянна замацоўваецца вопытны калега. Больш таго, за 2016 год   установа заняла 1 месца сярод медарганізацый Магілёўскай вобласці ў спаборніцтве па развіцці настаўніцкага руху.

Ёсць і прыклады кар’ернага росту. Сяргей РАДЗІЁНАЎ 10 кастрычніка бягучага года пераведзены з пасады памочніка ляснічага ляснічым Цяхцінскага доследна-вытворчага лясніцтва, ён працягвае вучобу ў магістратуры.

Уладзімір Раманенка, звяртаючыся да маладых спецыялістаў, нагадаў, што ў кожным працоўным калектыве ёсць групы ініцыятыўных работнікаў, якія вядуць за сабой усіх астатніх. Адносна заробкаў, а сярэдні ў ПМК № 241 па выніках года, як чакаецца, складзе 1 тысячу рублёў, кіраўнік перадавога на  Магілёўшчыне будаўнічага прадпрыемства сказаў наступнае:

— Зарплата – гэта праца. Ніхто не прыйдзе і на талерцы піражок не прынясе. – Ён заклікаў маладых спецыялістаў быць ініцыятыўнымі, прафесійнымі, весці за сабой іншых. А таго, хто праяўляе сябе, абавязкова заўважаць: ацэняць і пасадзейнічаюць як у прафесійным развіцці, так і ў кар’ерным росце.

Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства СШ № 1 імя             М. І. Пашкоўскага Сяргей ЛІСТАПАД паведаміў, што калектыў школы сустрэў яго добра, праца яму падабаецца. Усе праблемныя пытанні, з якімі давялося звяртацца да адміністрацыі ўстановы, былі станоўча вырашаны.

Малады медработнік ЦРБ, а сёлета калектыў папоўніўся на 23 выпускнікоў адпаведных ВНУ і каледжаў, адзначыла, што асабіста яе задавальняе ўсё – у кабінетах цёпла і ўтульна, і зарплаты хапае, усе забяспечаны жыллём, ім выплачваюць прадугледжаную калектыўным дагаворам грашовую кампенсацыю за пражыванне.

Маладое працоўнае папаўненне калектываў раёна атрымала вычарпальныя адказы на ўсе свае пытанні. А тычыліся яны, для прыкладу, далейшага будаўніцтва жылля і працэдуры пастаноўкі на ўлік як маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, аднаўлення дзейнасці ў горадзе аўташколы, атрымання льготных крэдытаў, дзяржаўных субсідый для адкрыцця ўласнага бізнесу, змястоўнага баўлення вольнага часу, накіравання на курсы павышэння кваліфікацыі, арганізацыі працы з моладдзю непасрэдна ў працоўных калектывах, удзелу яе ў грамадскім жыцці…

Адносна пытанняў аб перспектыве займець уласнае жыллё Мікалай Кадаценка парэкамендаваў усім маладым спецыялістам ужо зараз заняцца вырашэннем гэтай важнай жыццёвай праблемы. У раёне будаўнічая галіна паспяхова развіваецца. Толькі сёлета ў Бялынічах здадзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом, у наступным годзе побач з ім будзе ўзведзены яшчэ адзін шматпавярховік. А наогул за 2017 год у раёне будзе здадзена ў эксплуатацыю з улікам індывідуальнага будаўніцтва каля 5 тысяч метраў квадратных агульнай жыллёвай плошчы, што значна больш, чым планавалася.

Працоўнай моладзі было даходліва патлумачана, з чаго трэба пачынаць вырашаць сваю жыллёвую патрэбу, куды звяртацца, як і расказана пра існуючыя варыянты рэалізацыі гэтай задумы.  

Прысутныя таксама пазнаёміліся з відэафільмам аб магчымасцях Бялыніччыны па арганізацыі змястоўнага досугу, баўлення вольнага часу і вядзення здаровага ладу жыцця. Заключным акордам сустрэчы стала правядзенне туру інтэлектуальнай гульні “Слабае звяно”, у якой прынялі ўдзел маладыя спецыялісты. Галоўны прыз яе,  100 рублёў, атрымаў малады настаўнік Сяргей Лістапад, усе астатнія пяць гульцоў – па 10 рублёў суцяшальнага матэрыяльнага заахвочвання.

спец 039

…Для кожнага з маладых спецыялістаў, якія сёлета размеркаваліся працаваць у наш раён, пачаўся новы віток жыцця. Кіраўніцтва раёна, прадпрыемстваў і арганізацый пажадала ўсім ім паспяхова прымяняць на практыцы атрыманыя тэарэтычныя веды, вучыцца, у тым ліку і ў старэйшых калег, быць ініцыятыўнымі і запатрабаванымі, бо ўсе яны прыехалі сюды, каб пакінуць свой след на бялыніцкай зямлі.

спец 029

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *