На базе нашага раёна прайшоў выязны практычны семінар на тэму “Шляхі інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ў сучасных умовах”
На базе нашага раёна ў мінулую сераду прайшоў выязны практычны семінар на тэму “Шляхі інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ў сучасных умовах” са слухачамі факультэта павышэння кваліфікацыі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Удзельнікамі яго сталі асобы, уключаныя ў рэзерв на пасады першых намеснікаў старшыняў райвыканкамаў-начальнікаў райсельгасхарчаў, а таксама работнікі вытворчай і сельскагаспадарчых сфер, уключаныя ў перспектыўны кадравы рэзерв Магілёўскага аблвыканкама.
Вучоба рэзервістаў распачалася з пленарнага пасяджэння, праведзенага ў форме круглага стала, што прайшло ў малай зале РЦК. Адкрыла практычны семінар галоўны спецыяліст упраўлення па працы з кадрамі галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Магілёўскага аблвыканкама Валянціна ШАРГІЛАШВІЛІ, якая ад імя кіраўніцтва аблвыканкама павітала прысутных і адзначыла, што Бялыніцкі раён для практычнай вучобы слухачоў факультэта павышэння кваліфікацыі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь выбраны невыпадкова: рэгіён паспяхова развіваецца ў сацыяльна-эканамічным плане, пастаянна ўдасканальваецца работа з кадрамі, Бялыніччына прайшла багаты, унікальны гістарычны шлях. Іншымі словамі, у нас ёсць чаму павучыцца, пераняць вопыт.
Старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА пазнаёміў прысутных з ходам сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, падрабязна адказаў на шматлікія пытанні. А цікавіла ўдзельнікаў семінара гаспадарчая дзейнасць сельгаспрадпрыемстваў, перспектывы будаўніцтва жылля як у горадзе, так і ў аграгарадках, фінансава-эканамічная ўстойлівасць прамысловых прадпрыемстваў, устаноў сацыяльнай сферы, роля ў фарміраванні бюджэту арганізацый малога і сярэдняга бізнесу, рэнтабельнасць малочнай галіны, узровень заработнай платы і інш.
Яны з цікаўнасцю паглядзелі змястоўны відэафільм-прэзентацыю пра Бялыніцкі раён, а затым выехалі ў адно з лепшых сельгаспрадпрыемстваў краіны – СВК “Калгас “Радзіма”. Кіраўнік яго, кавалер ордэна Айчыны ІІІ ступені, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ выступіў перад імі з аналітычнай лекцыяй, у якой грунтоўна і падрабязна раскрыў асаблівасці арганізацыі працы трохсоценнага калектыву.
Аляксандр Міхайлавіч адзначыў, што адным з дэвізаў работнікаў гаспадаркі з’яўляецца наступны: не чалавек для вытворчасці, а вытворчасць для чалавека. Таму і надаецца такая вялікая ўвага матывацыі працы, укараненню найсучаснейшых тэхналогій, стварэнню належных побытавых і вытворчых умоў на кожным рабочым месцы, падтрымцы ўстаноў сацыяльнай сферы, паўсядзённай працы з людзьмі, у тым ліку і моладдзю гаспадаркі, якая складае крыху больш за 27 працэнтаў калектыву, іх змястоўнаму, цікаваму адпачынку, вырашэнню жыллёвых і іншых жыццёва важных пытанняў.
– Гадоў трыццаць таму, – расказвае Аляксандр Лапацентаў, – была ў мяне мара, каб калгаснікі на працу хадзілі па асфальце і мелі стабільныя адпачынак і выхадныя дні. У нашай гаспадарцы так яно і ёсць. Калгас аплачвае пуцёўкі для сваіх работнікаў у любы санаторый Беларусі, а да яе выдаецца ім яшчэ і месячны заробак. Калі работнік хоча адпачыць на курорце за межамі краіны, гаспадарка бярэ на сябе і дарожныя выдаткі. Нашы лепшыя работнікі з ліку моладзі, на якую мы даўно звярнулі сваю самую пільную ўвагу, некалькі гадоў запар вясной і ўвосень адпачывалі на курортах краін далёкага замежжа, напрыклад, пабывалі ў Турцыі, Егіпце…
Заўважу, што моладзь займае сур’ёзную пазіцыю ў сельгаспрадпрыемстве, і мы ёй ганарымся. Як і садзейнічаем тым, хто жадае атрымаць вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную сельскагаспадарчую адукацыю. Нашы студэнты атрымліваюць ад калгаса штомесяц па дзве стыпендыі і маюць гарантыю ўладкавацца на пасаду па набытай спецыяльнасці.
Маладыя спецыялісты забяспечваюцца камфортным жыллём, а гаспадарка аплачвае камунальныя паслугі. Тыя з іх, хто пасля абавязкой двухгадовай адпрацоўкі вырашыў парабіць яшчэ пяць гадоў, мае магчымасць пакарыстацца бязвыплатным крэдытам у дзве з паловай тысячы рублёў.
“Будзе ў калгасе, будзе і ў калгасніка”, – гэта яшчэ адзін дэвіз СВК “Калгас “Радзіма”. Чакаецца, што за сёлетні год у гаспадарцы будзе выраблена і рэалізавана прадукцыі на 16200000 рублёў, ці па 55300 на кожнага работніка. Пры рэнтабельнасці 23 працэнты будзе атрымана 2400000 рублёў прыбытку. Памер сярэдняй заработнай платы за 11 месяцаў склаў 908 рублёў, а ў цэлым за 2017 год, як чакаецца, – 906 рублёў.
Аляксандр Лапацентаў распавёў пра складнікі высокай зарплаты работнікаў гаспадаркі, заснаванай на прыпцыпе выплаты шэрагу дадатковых даплат матывацыйнага характару, у тым ліку за катэгорыю, тэхналагічнасць, вядзенне здаровага ладу жыцця, добрае выхаванне дзяцей-школьнікаў, узорныя паводзіны ў побыце, удзел у мастацкай самадзейнасці, спартыўных спаборніцтвах. Моладзь ва ўзросце да 35 гадоў і працуючыя пенсіянеры, а іх на сёння налічваецца 42 чалавекі, штомесячна атрымліваюць па 10 працэнтаў даплаты. Узнагароджаныя медалём гаспадаркі “Заслужаны работнік СВК “Калгас “Радзіма” (8 работнікаў і спецыялістаў) пажыццёва забяспечаны грашовым заахвочваннем у памеры 5 базавых велічынь. Выдаецца тут і гэтак званая трынаццатая зарплата. Не ўсім, а хто заслужыў яе стараннай працай. Іншымі словамі, на кожны зароблены рубель прыпадае і па рублю даплат.
Апроч грошай калгаснікі, ветэраны гаспадаркі да святаў забяспечваюцца харчовымі пакетамі, кожны з іх мае магчымасць некалькі разоў на год выпісаць зерне, а тым, хто трымае ў падсобнай гаспадарцы карову, дастаўляецца гатовае сена. Вядома, калі работнік дапусціў пэўнае парушэнне, скажам, тэхналагічнага працэсу, працоўнай дысцыпліны ці правапарушэнне ў быту, ён губляе вельмі шмат.
– Ад простага павелічэння заробкаў, – перакананы Аляксандр Лапацентаў, – эфекту не будзе ніякага. Матывацыя абуджае гаспадарлівасць, руплівасць, дысцыплінуе. Рубель да рубля, і складваецца высокая зарплата. Я не ведаю, што такое пах спіртнога з рота работніка. І красці ў нас зусім не выгадна, бо страціш усё. Служба аховы, якая складаецца з афіцэраў-адстаўнікоў праваахоўных органаў, не дрэмле ні ноччу, ні днём.
Рабіць у калгасе, як дома. Гэта яшчэ адна асаблівасць СВК “Калгас “Радзіма”.
– Я вельмі ганаруся сваім калектывам, – гаворыць Аляксандр Лапацентаў. – Людзі – галоўнае наша багацце.
Такія адносіны кіраўніцтва гаспадаркі да работнікаў яе выклікаюць і адпаведную зваротную рэакцыю, што праяўляецца ў іх гаспадарлівасці, працавітасці, беражлівасці.
Толькі парк прычапных сельгасмашын і агрэгатаў СВК “Калгас “Радзіма” налічвае 140 адзінак. Уся тэхніка, уключаючы і корманарыхтоўчую, падрыхтавана ўжо да правядзення масавых сельскагаспадарчых работ наступнага года. Гэта адзін са станоўчых вынікаў і таго, што 99 працэнтаў тэхнікі пажыццёва замацавана за механізатарамі. Яна стала, умоўна кажучы, іх асабістай. Таму і ёсць у калгасе ўборачныя комплексы, машыны і агрэгаты, якім па 17, 19 і нават 27 гадоў, і ўсе яны знаходзяцца ў рабочым стане. Прыкладам, на кормаўборачным комплексе “Ягуар”, які сёлета быў задзейнічаны ў васямнаццаты сезон, было здробнена 42 тысячы тон сянажна-сіласнай масы. А ўсяго было назапашана 106 тысяч тон травяных кармоў, у тым ліку і 35 тысяч іх, нарыхтаваных у 2016 годзе.
– Бычку не загадаеш прыбаўляць у вазе, бо праз сем месяцаў яго трэба адпраўляць на мясакамбінат, – кажа Аляксандр Лапацентаў. – Жывёліну неабходна добра карміць і якасна абслугоўваць. Тады і будзе яна прыбаўляць у вазе, даваць высокія надоі малака. У нас ёсць усё для рацыянальнай і эфектыўнай балансіроўкі рацыёну.
Шэсць гадоў таму ў гаспадарцы пачаў дзейнічаць ўласны камбікормавы завод, які, па словах старшыні сельгаспрадпрыемства, забяспечвае 20 працэнтаў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.
– Асаблівасць нашай вытворчасці заключаецца ў прастаце. І тут ляжаць нашы грошы. Напрыклад, 95 працэнтаў вытворчых памяшканняў, у тым ліку і чатыры МТК з даільнымі заламі, былі ўзведзеныя гаспадарчым спосабам сіламі ўласнай будаўнічай брыгады, што ў некалькі разоў танней, чым па генпадрадзе.
Далей рэзервістаў чакала невялічкая, але змястоўная канцэртная праграма самадзейных творчых калектываў Вішоўскага СЦКіВЧ, якую склалі ўрыўкі правядзення найбольш значных святкаванняў: Каляд, Масленіцы, Купалля, дня святых апосталаў Пятра і Паўла, Дажынак, Пакроваў… Да слова сказаць, за мінулы год калектыў СЦКіВЧ, пры падтрымцы СВК “Калгас “Радзіма”, для землякоў правёў больш за 400 самых разнастайных культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Большасць удзельнікаў мастацкай самадзейнасці з’яўляюцца работнікамі сельгаспрадпрыемства.
Было што паглядзець і ў комплексных пабудовах адзінага ў Беларусі калгаснага музея гісторыі, дзе поруч са змястоўнай экскурсіяй была падрыхтавана і дэгустацыя хлеба і квасу, прыгатаваных па мясцовых рэцэптах.
Дырэктар Вішоўскай СШ Кацярына ЗАЙЦАВА распавяла аб традыцыях супрацоўніцтва школы і калгаса, праграме партнёрства, у выніку рэалізацыі якой навучальная ўстанова стала структурным падраздзяленнем сельгаспрадпрыемства. Кацярына Міхайлаўна назвала і лічбу, якая ўсіх прымусіла задумацца і паразважаць: 177 былых вучняў школы зараз працуе ў СВК “Калгас “Радзіма”.
Тэма асаблівасці прастаты вытворчасці была прадоўжана на жывёлагадоўчым комплексе ў вёсцы Саглассе, дзе ў кожным з чатырох памяшканняў, пабудаваных гаспадарчым спосабам і па ўласным праекце, утрымліваецца ў свабодным выгуле па 300 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы, кожная з якіх у сярэднім за суткі прыбывае ў вазе на 982 грамы. Аляксандр Лапацентаў праінфармаваў, што гаспадарка рэалізоўвае за год каля 2 тысяч тон ялавічыны, 24 працэнты з якіх паступае менавіта адсюль пры рэнтабельнасці 78 працэнтаў.
На падвядзенні вынікаў практычнага семінара ўдзельнікі яго падзяліліся ўражаннямі ад пабачанага і пачутага.
Міхась КАРПЕЧАНКА.
Фота аўтара.