Свята дабрыні і клопату

Традыцыйны навагодні канцэрт зладзілі на мінулым тыдні  выхаванцы дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

спец4

Сапраўдную казачную пастаноўку падрыхтавалі настаўнікі і выхавальнікі школы на чале з педагогам-арганізатарам Лідзіяй КАЛТУНОВАЙ. Дзеці спявалі навагоднія песні, расказвалі вершы для ўсіх, хто сабраўся на ранішнік у абноўленай актавай зале ўстановы. А персанажы з вядомых казак – ліса Аліса і кот Базіліо, ну і, канечне ж, Дзед Мароз са Снягуркай – стваралі святочны настрой для ўсіх гледачоў.

спец2

На мерапрыемства завіталі намеснік старшыні аблвыканкама Віктар НЕКРАШЭВІЧ, старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Сяргей ВІНАГРАДАЎ, дырэктар РУП “Магілёўдругчармет” Сяргей РЭШКО, старшыня прафсаюзнага камітэта “Магілёўдругчармет” Уладзімір ЧАРАНКОЎ, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК, дырэктар ААТ “Новая Друць” Анатоль ДРАЗДОЎ.

Дзеці вадзілі карагод вакол ёлкі, удзельнічалі ў розных гульнях, танцавалі, і кожны перажываў па-свойму нешта таемнае і дзівоснае. Абыякавых у гэты дзень у зале не засталося.

Напрыканцы мерапрыемства выхаванцы школы атрымалі салодкія, а таксама каштоўныя і карысныя падарункі.

– Да такога цудоўнага свята нашы дзеці атрымалі ў падарунак цукеркі, бо без гэтага не можа абысціся Новы год, – распавядае намеснік дырэктара школы-інтэрната па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна ДЗЯЧЭНКА, – а таксама сертыфікат на набыццё бытавой тэхнікі, якая ў бліжэйшы час паступіць у нашу ўстанову адукацыі. З дапамогай нашых спонсараў таксама ў гэтым годзе адрамантавалі актавую залу, нам аплацілі набыццё ёлкі. Іншымі словамі, аказалі дапамогу вельмі значную і неабходную для дзяцей.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *