Дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Хігрынскай выбарчай акрузе з’яўляецца Андрэй САЛАНІНКА

 

СаланинкаДэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Хігрынскай выбарчай акрузе з’яўляецца Андрэй САЛАНІНКА. Аб сваёй дзейнасці і абавязках ён расказвае журналісту “Зары над Друццю”.

– Андрэй Аляксандравіч, што ўваходзіць у вашы дэпутацкія паўнамоцтвы?

– Як вядома, паўнамоцтвы дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў вызначае Закон “Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў”. Ён жа ўстанаўлівае асноўныя прававыя і сацыяльныя гарантыі іх ажыццяўлення.

Як дэпутат маю права прадстаўляць сваіх выбаршчыкаў у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях, удзельнічаць у ажыццяўленнi райсаветам дзяржаўнай улады па разглядзе пытанняў, аднесеных да яго кампетэнцыі. У прыватнасці, гэта разгляд прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна і зацвярджэнне раённага бюджэту, прадастаўленне ў арэнду паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў, устанаўленне межаў сельскіх населеных пунктаў раёна і г. д.

– Як наладжана зваротная сувязь з выбаршчыкамі? З якой перыядычнасцю праводзіце сустрэчы з імі?

– Я з’яўляюся членам раённай інфармацыйна-прапагандысцкай групы, якая ажыццяўляе выязныя прыёмы грамадзян раз у месяц па графіку, які загадзя публікуецца ў раённай газеце “Зара над Друццю”.

– З якімі пытаннямі і як часта да вас звяртаюцца людзі? Што асабліва хвалюе іх?

– Хачу адзначыць сацыяльную актыўнасць людзей, іх жаданне палепшыць умовы пражывання ў сваім раёне, на сваёй вуліцы, у сваім доме. Праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця і перспектывы развіцця Бялыніччыны – вось асноўныя пытанні, якія абмяркоўваліся на сустрэчах. Сёння маіх выбаршчыкаў хвалююць не толькі асабістыя клопаты, але і такія негатыўныя праявы ў грамадстве, як п’янства, утрыманства.

– Як вам удаецца вырашаць гэтыя праблемы, выконваць просьбы?

– Я з’яўляюся кіраўніком банкаўскай установы. Таму многія пытанні маіх выбаршчыкаў дапамагаюць вырашаць калектывы арганізацый, з якімі цесна супрацоўнічаю. Напрыклад, па просьбе жыхароў маёй выбарчай акругі быў зроблены пункт прыпынку грамадскага транспарту на скрыжаванні вуліц Набярэжная і Мінская шаша.

Увогуле, лічу, што сёння грамадзянам важна, каб іх пачулі і дапамаглі вырашыць надзённыя пытанні. Для гэтага, у тым ліку, патрэбен і дэпутат.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *