Прафесія на ўсе часы

Як урач і палітык, вечныя прафесіі ў гісторыі чалавецтва, так, напэўна, заўсёды будуць запатрабаваныя і даяркі. Каб даведацца аб тонкасцях прафесіі, карэспандэнт раёнкі сустрэлася з аператарам машыннага даення МТК “Машчаніца” ААТ “Новая Друць” Таццянай ШУТОВАЙ.

шутова

На комплексе яна працуе дванаццаць гадоў. Дагэтуль сям’я жыла ў вёсцы Асавец. З-за таго, што школы ў іх вёсцы не было і траім дзеткам прыходзілася далёка хадзіць на вучобу, яны з мужам      вырашылі пераехаць у Вялікую Машчаніцу. Таварыства выдзеліла сям’і жыллё. І вось цяпер гады, адпрацаваныя на комплексе, складаюць неад’емную частку багатага вопыту гэтай адказнай і стараннай жанчыны.

– Праца наша пачынаецца ў пяць гадзін раніцы, – распавядае Таццяна Шутова. – Першая змена працягваецца да дванаццаці. А ў сямнаццаць гадзін пачынаецца другая. На кожнай змене ў даільнай зале завіхаецца трое аператараў.

За гэты час праз своеасаблівы канвеер праходзіць больш за шэсць соцен кароў. Калі жывёлы займаюць свае даільныя месцы, першае, што неабходна зрабіць, – выдаіць невялікую колькасць малака ад кожнай з іх у спецыяльны апарат, які пакажа, ці прыгоднае яно для далейшай перапрацоўкі. Калі раптам рагуля захварэла і малако згортваецца, выпадае асадак, яго трэба выдаіць і накіраваць на ўтылізацыю.

Працэс даення, па словах Таццяны Мікалаеўны, вельмі хуткі. Пасля праверкі малака да вымя падключаецца апарат машыннага даення.

– На нашым комплексе, – расказвае яго загадчык Іна КОЗЫРАВА, – налічваецца больш за 1600 галоў кароў. Кожны наш работнік добра ведае сваю справу. Таццяна Шутова таксама вельмі адказны і акуратны чалавек, у яе атрымліваецца спраўляцца з усімі задачамі.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *