Што ні дзень, то здарэнне

Неспрыяльныя ўмовы надвор’я ў першы месяц зімы і няўважлівасць кіроўцаў транспартных сродкаў прывялі да таго, што на дарогах раёна пачасціліся ДТЗ.

10 снежня а пятай гадзіне вечара бялынічанін не справіўся з кіраваннем аўтамабіля “Сітраен” і на пад’ездзе да горада наехаў на мясцовую жыхарку, якая рухалася па ўзбочыне дарогі ў спадарожным накірунку і была абазначана святлоадбівальным элементам. Жанчына атрымала шматлікія траўмы і пераломы і была шпіталізавана ў ЦРБ. Гора-вадзіцель знік з месца здарэння. Праваахоўнікі аб’явілі план “Перахоп” і праз паўгадзіны затрымалі парушальніка. Ён, як ні ў чым ні бывала, ехаў дадому.

Падчас разбіральніцтва высветлілася, што бялынічанін кіраваў аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення. Па факце здарэння ўзбуджана крымінальная справа.

11 снежня на пад’ездзе да райцэнтра адбылося яшчэ адно ДТЗ. 81-гадовы бялынічанін на аўтамабілі “Масквіч” страціў пільнасць і не саступіў дарогу кіроўцу “Аўдзі”. У выніку здарэння абодва транспартныя сродкі атрымалі механічныя пашкоджанні.

15 снежня а 10-й гадзіне вечара магіляўчанін на “Фальксвагене”рухаўся па аўтадарозе Машчаніца-Дробаўка і ў цемры наехаў на жыхарку Малой Машчаніцы, якая ляжала на праезнай частцы. З аўтадарожнай траўмай і пераломамі ног жанчына шпіталізавана ў ЦРБ.

Падчас разбіральніцтва высветлілася, што пацярпелая знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення і не была абазначана святлоадбівальным элементам, а таксама ўжо не аднойчы прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні правілаў дарожнага руху. АДАІ РАУС праводзяць па факце ДТЗ праверку.

16 снежня непрыемны выпадак адбыўся з магіляўчанінам. А шостай гадзіне раніцы вадзіцель, які рухаўся на аўтамабілі “Рэно” па аўтадарозе Мінск-Магілёў, не ўлічыў асаблівасці і стан свайго транспартнага сродку, умовы дарожнага руху і з’ехаў у кювет. У выніку ДТЗ аўтамабіль атрымаў механічныя пашкоджанні.

Паважаныя ўдзельнікі дарожнага руху! Будзьце ўважлівыя і асцярожныя на дарозе, асабліва ў цёмны час сутак!

Калі вам сталі вядомы выпадкі кіравання аўтатранспартам вадзіцелямі ў нецвярозым стане, абавязкова паведаміце аб гэтым у РАУС альбо па тэлефоне 102. Ваша неабыякавасць дапаможа прадухіліць магчымую трагедыю.

Максім КУНДАЛЕЎ, 

начальнік АДАІ РАУС.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *