У прафесію са школьнай парты

Не сакрэт, што многія прадстаўнікі падрастаючага пакалення са сферай будучай працоўнай дзейнасці вызначаюцца яшчэ падчас вучобы ў школе.

Педкласс

 

Асабліва гэта датычыцца прафесіі педагога. Бо каго іншага, як не настаўніка, бачаць перад сабой дзеці на працягу ўсяго перыяду навучання ў школе. Менавіта з мэтай папулярызацыі педагагічных прафесій для старшакласнікаў адкрываюцца класы профільнай накіраванасці, праводзяцца факультатыўныя заняткі па некаторых спецпрадметах.

З мінулага года навучанне ў педагагічным класе было арганізавана ў СШ №1 імя М. І. Пашкоўскага. Сёлета з вучняў 10-х класаў была сфарміравана яшчэ адна вучэбная група.

– Падчас заняткаў старшакласнікі на павышаным узроўні вывучаюць рускую і англійскую мовы, матэматыку, біялогію, хімію, наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, – гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна МАНДРЫКАВА. – Ужо са школьнай парты ў вучняў пачынаюць фарміравацца прафесійныя якасці, яны могуць паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка і правесці міні-ўрок.

У 2016/2017 навучальным годзе наведвальнікі факультатыўных заняткаў з педагагічным ухілам прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Педагогі будучага аб школе будучага”. Адзінаццацікласнік Павел КАЗЛОЎСКІ заняў 2-е месца ў абласным этапе конкурсу ў намінацыі “Мультымедыйны праект”, а яго аднакласніцы Ульяна ЦЕЦЕРУКОВА, Алена АДАМОВІЧ і Дар’я ЗАЙНУЛІНА атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў.

– Праграма факультатыва “Уводзіны ў педагагічную прафесію” разлічана на 2 гады, – гаворыць кіраўнік першага школьнага педкласа Аксана ЛЫЧКОЎСКАЯ. – З чатырох яе этапаў нашы навучэнцы прайшлі ўжо тры і хутка будуць замацоўваць атрыманыя веды на практыцы – праводзіць урокі на адным узроўні з настаўнікам. Пасля паспяховага заканчэння курсу заняткаў у атэстат вучня ставіцца адзнака аб тым, што ён навучаўся ў педкласе.

– Падчас уступнай кампаніі выпускнік педкласа можа працягнуць навучанне ў любой педагагічнай ВНУ краіны на аснове папярэдняй гутаркі і дастатковай колькасці вызначаных прахадных балаў па ЦТ. Пры роўных умовах паступлення перавага аддаецца выпускніку педагагічнага класа, – дадае куратар другой вучэбнай групы Вікторыя РАМАНОВІЧ. – Наогул заняткі ў педкласе шмат чаго даюць іх удзельнікам. Па-першае, яны вучацца камунікаваць з аўдыторыяй, абараняць свой пункт гледжання. Па-другое, хлопцы і дзяўчаты вучацца правільна паводзіць сябе, што абавязкова спатрэбіцца ім у будучым жыцці, нават калі яны ў апошні момант зменяць рашэнне і не звяжуць сваё жыццё з педагогікай.

Ульяна Цецерукова, адзінаццацікласніца СШ № 1:

– Мае маці і бабуля працуюць у педагагічнай сферы. Натуральна, і я хачу прадоўжыць сямейную дынастыю. Мару стаць выкладчыкам замежных моў, таму зараз паглыблена вывучаю англійскую.

Аляксандра КРАЎЦОВА, вучаніца 10 класа:

– Мая маці таксама працуе настаўніцай, таму добра ведаю ўсе плюсы і мінусы прафесіі. Нават калі так станецца, што я змяню сваё жаданне быць педагогам, то атрыманыя веды змагу паспяхова прымяніць у іншай сферы дзейнасці.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *