Напярэдадні Новага года ў РЦК прайшла традыцыйная шоу-праграма “Фабрыка зорак

Напярэдадні Новага года ў РЦК прайшла традыцыйная шоу-праграма “Фабрыка зорак. Вам, лепшыя з лепшых”. У час яе адбылося ўшанаванне лепшых вучняў школ раёна, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, праявілі сябе ў прадметных алімпіядах, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсах, адзначыліся спартыўнымі перамогамі.

ф2

Адкрываючы цырымонію ўзнагароджання, рабят павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ГАНЧУК:

– Вельмі рады, што для ўсіх, хто знаходзіцца ў зале, адыходзячы, 2017, год стаў паспяховым. Прыемна бачыць, як многа ў нас таленавітых дзяцей і што з кожным годам іх колькасць не змяншаецца. Віншую вас з дасягнутымі вынікамі і жадаю, каб наступны год быў яшчэ больш паспяховым і цікавым. А для гэтага трэба марыць і спрабаваць – і ў вас усё атрымаецца.

У намінацыі “Разумнікі і  разумніцы” салодкімі падарункамі за выдатную вучобу адзначаны дваццаць пяць хлопчыкаў і дзяўчынак. Больш за сорак школьнікаў атрымалі заслужаныя ўзнагароды ў намінацыі “Эрудыты”. Сярод іх Алеся ШАХАЛЕНКА (СШ №1 імя   М.І. Пашкоўскага), якая заваявала дыплом І ступені ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па іспанскай мове, Эдуард ШАРСТНЁЎ (Вішоўская СШ), уладальнік дыплома ІІ ступені ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па тэхнічнай працы, а таксама Елізавета БУЛЬБАЧОВА (СШ № 2, беларуская мова і літаратура), Вікторыя ІГНАТОВІЧ і Марына МАРКЕВІЧ (абедзве – СШ № 2, грамадазнаўства), Вадзім ШАСТАК (СШ № 1, фізіка), якія ўдастоены дыпломаў ІІІ ступені прадметных алімпіяд абласнога ўзроўню.

У намінацыі “Хутчэй. Вышэй. Мацней” былі ўзнагароджаны лепшыя спартсмены раёна – Антон АНТОНАЎ і Вікторыя КАЎКОВА, сярэбраныя прызёры першынства вобласці па дзюдо, Ірына ЕРМАЛАЕВА і Ганна КУЛАКОВА, чэмпіёнкі вобласці па скачках у даўжыню і вышыню, адпаведна (усе – ДЮСШ), Павел ЧУХЕЕЎ (МЦ “Ветразь”), уладальнік дыплома ІІІ ступені ў абласных спаборніцтвах па юнацкім мотамнагабор’і і многія іншыя.

– Рабяты, якія сабраліся сёння ў зале, услаўляюць не толькі свае ўстановы адукацыі, але і раён у цэлым, – адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна МЯКШЫНА. – Жадаю вам добра вучыцца і пераадольваць усе цяжкасці на шляху да поспеху. Любіце сваіх бацькоў, шануйце педагогаў, якія ўкладаюць у кожнага з вас часцінку сябе.

Таццяна Уладзіміраўна ўзнагародзіла салодкімі прызамі ўдзельнікаў намінацыі “Марафон талентаў” – пераможцаў і прызёраў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў. Узнагародныя сертыфікаты таксама атрымалі калектывы ансамбляў – харэаграфічнага “Праменьчыкі”, гітарыстаў раённай ДШМ “Мелодыя”, узорнага “Акварэлькі”, каманды навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах “Вясёлка” і “Тэатр лялек” МЦ “Ветразь”, харэаграфічны калектыў “Созвездие”.

Пад гучныя апладысменты Таццяна Мякшына запрасіла на сцэну сям’ю ШАХАЛЕНКА для ўзнагароджання каштоўным падарункам. У 2017 годзе яна стала лепшай на абласным конкурсе прыёмных сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу “Сэрца аддаю дзецям”. Віктар і Вольга з любоўю і клопатам выхоўваюць двое сваіх і двое прыёмных дзяцей.

ф4

Не абышлося свята без Дзеда Мароза і Снягурачкі, любімых казачных герояў, а юныя артысты ўстаноў адукацыі і творчых калектываў парадавалі ўсіх удзельнікаў мерапрыемства захапляльнымі канцэртнымі нумарамі.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота Алены БЫКАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *