За апошнія 2 тыдні снежня праваахоўнікі склалі 33 адміністрацыйныя пратаколы

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, за апошнія 2 тыдні снежня праваахоўнікі склалі 33 адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 15, за сямейныя скандалы – 13, дробнае хуліганства – 6,     дробны крадзеж – 3, ілжывы выклік – 2.

Крадуць жанчыны. У дзяжурную службу РАУС патэлефанаваў аператар АЗС і паведаміў, што невядомая жанчына адкрыта скрала з памяшкання магазіна запраўкі паўтаралітровую бутэльку піва. Праваахоўнікі ўстанавілі зладзейку і ўзбудзілі ў адносінах да яе крымінальную справу.

Атрымалі па заслугах. Занепакоеная бялынічанка патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што па вуліцы Сялянская ў райцэнтры двое мужчын нападпітку ўчынілі бойку. Супрацоўнікі міліцыі хутка супакоілі “байцоў” і склалі на іх адміністрацыйныя пратаколы. Па заслугах.

Застаўся без абеду. Жыхар аграгарадка Іскра выйшаў з дому, а пакуль яго не было, у пакой пранік невядомы, які скраў моркву і бутэльку сланечнікавага алею. Міліцыянеры выявілі даўгарукага і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Ляжала, а ён узяў. Непрацуючы раней судзімы бялынічанін вырашыў не “завязваць” з крыміналам, а, наадварот, працягваць жыць за кошт чужога. Цёмнай снежаньскай ноччу ён скраў на будоўлі па вуліцы Калініна электрадрэль. Узбуджана крымінальная справа.

Гандлярка. Крымінальную справу “нагандлявала” жыхарка Бялынічаў, якая падчас працы ў магазіне райста скрала амаль 4 тысячы рублёў.

Пабіў аж два разы. Жыхарка Вугольшчыны паскардзілася супрацоўнікам міліцыі на тое, што п’яны муж яе моцна пабіў. Праваахоўнікі супакоілі дамашняга тырана і выдалі яму адміністрацыйны пратакол. Літаральна праз некалькі гадзін жанчына зноў паскардзілася на збіццё. Неспакойны муж у другі раз быў прыцягнуты да адміністрацыйнага пакарання.

Пачаў святкаваць. Загадзя вырашыў адзначыць Навагоднія святы рабочы кацельні гасцініцы “Мара” ААТ “Новая Друць”. У стане алкагольнага ап’янення ён быў затрыманы праваахоўнікамі прама на рабочым месцы. Праверку праводзіць ААПП.

Ананім. Невядомы патэлефанаваў у РАУС і паведаміў, што ў вёсцы Дабрылавічы яму нанеслі нажавыя раненні. Праваахоўнікі ўстанавілі мужчыну, а таксама высветлілі, што ён пагражаў прычыніць цялесныя пашкоджанні аднавяскоўцам. Ананім атрымаў адміністрацыйны пратакол за заведама лжывы выклік міліцыі.

Ганна КАВАЛЁВА.

 

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *