Бяспраўнікі на дарозе

На Бялыніччыне пачасціліся выпадкі, калі людзі сядаюць за руль транспартных сродкаў, хоць фактычна не маюць на гэта права. Як вынік, з іх удзелам адбываюцца дарожна-транспартныя здарэнні.

23 снежня а першай гадзіне ночы вадзіцель-бяспраўнік, жыхар Стараселля, вырашыў пакатацца на аўтамабілі СHERY. Рухаючыся па аўтадарозе Карытніца-Стараселле-Эсьмоны, ён не ўлічыў ні тэхнічнага стану свайго транспартнага сродку, ні ўмоў надвор’я, з’ехаў у кювет і ўрэзаўся ў слуп. У выніку ДТЗ аўтамабілю прычынены механічныя пашкоджанні.

25 снежня ў 19.30 экіпаж АДАІ РАУС нёс службу на аўтадарозе Талачын-Круглае-Вішоў. Праваахоўнікі звярнулі ўвагу на матацыкл, які рухаўся ў спадарожным накірунку. Вадзіцель яго заўважыў патрульную машыну ДАІ і паспрабаваў уцекчы. Міліцыянеры загадалі мужчыне спыніцца, аднак той яшчэ больш прыбавіў ходу. Пасля нядоўгага праследавання матацыкліст быў затрыманы, а яго транспартны сродак дастаўлены ў Бялынічы на ахоўваемую стаянку.

Падчас разбіральніцтва высветлілася, што вадзіцель не толькі не меў права на кіраванне транспартным сродкам, а яшчэ і знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. У адносінах да гора-матацыкліста былі складзены 5 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Максім КУНДАЛЕЎ,

начальнік АДАІ РАУС.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *