Новая сям’я як чысты белы ліст…

У кожнага чалавека складваецца ўласнае ўяўленне аб рабоце органаў запісу актаў грамадзянскага стану. Кожны з нас так ці інакш мае дачыненне да гэтай установы, людзі нараджаюцца і паміраюць, але, напэўна, не памылюся, што ў большасці грамадзян ЗАГС асацыіруецца з нараджэннем новай сям’і.

дамы

Прымеркаваная да 100-гадовага юбілею ўстановы, адказнай у тым ліку і за такое важнае дзеянне, як заканадаўчае афармленне шлюбу, у раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з работнікамі ЗАГСу і адкрыццё фотавыставы “Гісторыя нараджэння сям’і”. Бібліятэкары адшукалі і прадставілі для наведвальнікаў шэраг вясельных фотаздымкаў жыхароў нашага раёна ад 1940-х гадоў да сённяшняга часу. А бялынічанка Таццяна БАТВІНКОВА дадала да экспазіцыі вясельны ўбор маладой 1950-х гадоў. Яго ёй перадала на захаванне жыхарка вёскі Трылесін Лідзія МАНЬКОЎСКАЯ. Гэты ўбор Лідзія Якаўлеўна падрыхтавала да шлюбу сама. Нягледзячы на вялікую колькасць гадоў, якія прайшлі з таго запамінальнага моманту ў жыцці, сукенка і вянок нявесты выдатна захаваліся. Таксама Таццяна Батвінкова ўласнаручна змайстравала вясельны вянок, які адзявалі нявесты ў першай палове ХХ стагоддзя, і распавяла прысутным пра традыцыі, звязаныя з вырабам гэтага ўпрыгожання.

Успамінамі аб сваёй рабоце ў ЗАГСе падзялілася Ганна ЛІПАЎКІНА, якая загадвала гэтай установай амаль 30 гадоў. У час сваёй працы Ганна Аляксандраўна пастаралася зрабіць працэс заключэння шлюбу асаблівай урачыстасцю для маладых, каб гэты дзень запомніўся ім на ўсё жыццё. Ці не таму многія пары жадалі распісацца толькі ў Бялыніцкім ЗАГСе? Нават прыходзілася праводзіць цырымонію заключэння шлюбу больш за 10 разоў на дзень!

Ганна Аляксандраўна прыгадала шмат кур’ёзных выпадкаў са сваёй працоўнай дзейнасці. Напрыклад, аднойчы падчас цырымоніі ў маладых нечакана ўпалі на падлогу заручальныя пярсцёнкі. Гэта лічыцца дрэннай прыкметай. Госці свята і самі маладыя былі ў шоку. Прыйшлося іх доўга супакойваць. Аднак, насуперак усім прыкметам, шлюб аказаўся моцным і шчаслівым.

Уражаннямі ад сваёй работы падзялілася і цяперашні начальнік ЗАГСу Наталля ЛАЗОЎСКАЯ. Яна адзначыла, што зараз адраджаюцца традыцыі ўшанавання сямейных пар, якія адзначаюць юбілеі сумеснага жыцця. Першае такое свята, 10-годдзе шлюбу або “алавянае” вяселле, адбылося ў лістападзе гэтага года.

Інэса ЗАЙКОЎСКАЯ, ветэран педагагічнай працы:

– Вельмі ўражана той работай, якую зрабілі нашы бібліятэкары. Выстава проста цудоўная. Разглядваю фотаздымкі, і перад вачыма праходзіць столькі ўспамінаў!

Гэта вельмі сімвалічна, што свой юбілей працаўнікі ЗАГСу адзначаюць якраз напярэдадні Новага года. Ганаруся, што ў нашай краіне захоўваюцца трывалыя сямейныя каштоўнасці, а інстытут сям’і займае далёка не апошняе месца ў грамадстве. Пажадаю сённяшняй моладзі і надалей захоўваць гэтыя традыцыі, берагчы адзін аднаго. Няхай іх шлюбы будуць моцнымі.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *