27 снежня пасля рамонту адкрыўся прадуктовы магазін райспажыўтаварыства па вуліцы Гагарына

27 снежня пасля рамонту адкрыўся прадуктовы магазін райспажыўтаварыства па вуліцы  Гагарына, што ў Бялынічах.

З 1966 года ў будынку магазіна не праводзіліся рамонтныя работы. А для пакупнікоў важна, каб прывабнымі былі не толькі цэны на таварах.

– Пасля рамонту наведваць магазін стала значна прыемней, – кажа пастаянная пакупніца Валянціна ЦЫБУЛЬСКАЯ. – Прасторна, радуе акуратная і прыгожая выкладка тавараў.

маг1

Рабочыя рамонтнай брыгады райста замянілі вокны, уваходныя дзверы, лямпы, таксама абшылі ПВХ-панэлямі сцены ўнутры памяшкання. З’явілася прастора для самаабслугоўвання кліентаў. Цяпер частку тавараў, напрыклад, малочную прадукцыю, можна выбраць самому. Звычная прылавачная сістэма захавалася на месцах продажу хлеба, бакалеі і алкаголю. Асартымент пашырыўся, але спіс тавараў усё роўна пастаянна папаўняецца тымі, што карыстаюцца попытам у пакупнікоў – прадавец уважліва адносіцца да іх просьбаў і пажаданняў.

– Вяду запісы запытаў нашых кліентаў, каб потым можна было замовіць неабходныя тавары, – распавядае прадавец 6 разрада Галіна СУХОЦКАЯ.

маг2

Аб тым, як праводзіцца мадэрнізацыя гандлёвых аб’ектаў, распавядае старшыня райста Тамара АДАМОВІЧ:

– Усяго ў сістэму спажыўтаварыства ўваходзяць 103 гандлёвыя кропкі і 20 аб’ектаў грамадскага харчавання. Мы стараемся, каб яны адпавядалі самым высокім стандартам і запытам нашых пакупнікоў. Таму вырашылі абнавіць і магазін па вуліцы Гагарына. На гэта выдаткавана каля 3000 рублёў. Часткова замянілі абсталяванне, таксама прынялі на работу новага, больш адказнага прадаўца. Плануем павялічыць такім чынам тавараабарот у паўтара раза. Акрамя таго, магазін размешчаны ў прыватным сектары, і важна, каб пажылым людзям было зручна хадзіць у яго, а не ў далёкія крамы. Канечне, наперадзе чакаюць яшчэ вонкавыя рамонтныя работы, трэба, каб не толькі ўнутры памяшкання было ўтульна і прыгожа. Але на працягу студзеня рамонт будзе канчаткова завершаны.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *