Генадзь Петрусенка займаецца вытворчасцю вырабаў з металапрофілю

45 новых індывідуальных прадпрымальнікаў у мінулым годзе адкрылі сваю справу на Бялыніччыне. Прадпрымальныя людзі нашага раёна знаходзяць для сябе розныя заняткі: рамонт кватэр, продаж  адзення ці вязанне на заказ. Генадзь ПЕТРУСЕНКА таксама знайшоў справу па душы – ён займаецца вытворчасцю вырабаў з металапрофілю.

гена

Пасля дванаццаці гадоў працы кавалём, і па сумяшчальніцтве – бляхарам, у ПМК-241 Генадзь Віктаравіч вырашыў пачаць уласны бізнес. Для гэтага ўзяў крэдыт, набыў лістагібачны  станок. Працаваць часта даводзілася нават ноччу.  Бо заказ – святая справа. Сваю справу распачынаў у гаражы: там тапілася печ, бо па тэхналогіі памяшканне для выканання работ павінна быць цёплым, каб фарба на метале не трэскалася. З цягам часу побач з гаражом пабудаваў два новыя памяшканні, дзе зараз і аказвае паслугі, і месца для захавання металічных нарыхтовак хапае.

– Штат работнікаў налічвае чатыры чалавекі, – распавядае Генадзь Петрусенка. – Супрацоўнічаю як з прыватнымі асобамі, так і з арганізацыямі. Напрыклад, з Магілёўскім філіялам ТАА “Метал Буд Плюс”. У нас можна замовіць элементы для дахаў і металічных агароджаў, каўпакі для комінаў. Апошнім часам пачалі нават рабіць агароджы для могілак. Наогул, бярэмся за выраб любых металічных канструкцый, якія патрэбны нашым кліентам. Іх слова – для нас закон.

Зараз тэхналагічны арсенал прадпрымальніка ў параўнанні з пачаткам працы значна павялічыўся і налічвае сямнаццаць розных станкоў для апрацоўкі металу. Генадзь Петрусенка ўдзячны людзям, дзякуючы якім асвоіў прафесію, – гэта Аляксандр ТРОЦКІ і ўсё кіраўніцтва ПМК-241.

Галоўнае, што неабходна для дасягнення поспеху ў любой справе, – працавітасць і ўпартасць. Асабліва, у сферы вырабу металаканструкцый, бо справа гэта напружаная, тут трэба быць акуратным і ўважлівым кожную хвіліну. Прыкладзеныя высілкі прыносяць свой вынік – магчымасць пашырэння і росту бізнесу, сямейны дабрабыт.

– У планах – хачу адшукаць новае вялікае памяшканне  і прыняць на працу больш  работнікаў. Іншымі словамі, стварыць на рабоце месцы, каб землякі маглі рэалізаваць свой патэнцыял, – кажа Генадзь Віктаравіч.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *