У маладога спецыяліста ААТ “Аграсэрвіс” Ганны Бурсавай усё атрымалася так, як яна і марыла

Як вядома, у маладых планаў заўсёды многа, але не ўсім удаецца ўвасобіць іх за адзін каляндарны год. А вось у маладога спецыяліста ААТ “Аграсэрвіс” Ганны Бурсавай усё атрымалася так, як яна і марыла.

Бурсова

Першай важнай падзеяй у жыцці дзяўчыны стала атрыманне двух дыпломаў з адзнакай аб вышэйшай адукацыi. Ганна вучылася ў БДСГА па спецыяльнасцях “Камерцыйная дзейнасць” і “Спецыяліст па кіраванні ў галінах АПК”. Але, як аказалася, яна жыве па дэвізе: “Век жыві – век вучыся”. Адразу пасля таго, як два дыпломы былі ў яе руках, яна вырашыла, што “на шчасце” патрэбны трэці і паступіла ў магістратуру Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ на спецыяльнасць “Эканоміка і кіраванне народнай гаспадаркай”.

– Гэта быў сур’ёзны штуршок у маім жыцці, – падкрэслівае маладая дзяўчына. – Сумяшчаць пачатак працоўнай дзейнасці з паступленнем у Акадэмію было дастаткова нялёгка. Аднак, я гэта зрабіла, чым вельмі задаволена і ганаруся.

Па словах Ганны, на працу яна прыехала без пачуцця страху, бо ведала, што калектыў прыме належным чынам.

– Я праходзіла ў ААТ “Аграсэрвіс”  пераддыпломную практыку, з калектывам пазнаёмілася, – адзначае малады эканаміст. – Мы з калегамі стараемся прыслухоўвацца адзін да аднаго, дапамагаць, і таму ў нас усё атрымліваецца.

Ганна расказала, што адным з апошніх мерапрыемстваў, якія яна наведала за апошні час, стала сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі.

– Мне спадабалася арганізацыя мерапрыемства: была магчымасць задаць пытанні кіраўнікам з розных сфер, – сказала дзяўчына. – На ўсе пытанні атрымала разгорнутыя адказы, даведалася для сябе шмат чаго новага.

Дарэчы, у мінулым годзе перамены адбыліся і ў асабістым жыцці Ганны: у хуткім часе дзяўчына выйдзе замуж.

– Безумоўна, кар’ера займае важнае месца ў жыцці чалавека, але ўсё ж такі адзін з самых прыемных момантаў у жыцці кожнай дзяўчыны – калі твой каханы чалавек прапануе выйсці за яго замуж, – пераканана Ганна. – У канцы 2017 года ў маім жыцці гэта і адбылося, чаму я вельмі рада. У планах на надышоўшы год – падрыхтоўка да вяселля, а затым мяне чакаюць, як мінімум, тры дэкрэтныя адпачынкі, – усміхаецца дзяўчына.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *