Чарговая дэгустацыя хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў аддзела прамысловасці райспажыўтаварыства адбылася ў краме “Родны кут”

Чарговая дэгустацыя хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў аддзела прамысловасці райспажыўтаварыства адбылася ў краме “Родны кут”, што па вуліцы Савецкая.

хлеб

Начальнік вытворчасці Анастасія НАБОКАВА і вядучы інжынер-тэхнолаг Наталля КВАСАВА, якія і правялі дэгустацыю, стараліся прадставіць усе віды хлебабулачнай і кандытарскай прадукцыі, таму стол быў цалкам запоўнены. У пакупнікоў у той дзень была      магчымасць паспрабаваць пшанічны і жытнёва-пшанічны хлеб: “Пшанічны” пышны, белы – “Яечны”, “Восеньскі”, “Паплаўскі”, “Дняпроўскі”, бохан “Хатні”. Здобныя булачныя вырабы: пышка “Макаўка”, булачка “Бялынічанка” з разынкамі, крэндзель “Цукровы”, пышка “Ванілька”, вітушка “Сластёна”, пірог “Сямейны”. Прысмакі мучныя: “Разыначка”, “Духмяныя”, “Амерыкана”, пірожанае слоевае “Язычкі”, пернікі “Гарадскія”, рулет “Вілія”, сухары “Гомельскія”, кекс “Захапленне”, а таксама вырабы са слоевага цеста – штучныя слойкі з джэмам      і “Ласунак”.

– Сёлета для пашырэння асартыменту сталі выпускаць навінку – вагавую слойку “Завітушка” са слоевага цеста з шакаладнай глазурай і цукровай пудрай, – паведаміла Анастасія Набокава.

Навінка, дарэчы, вельмі спадабалася не толькі бялынічанам, але і гасцям з горада Мінск, якія падчас дэгустацыі пакаштавалі розныя прысмакі.

– Усё смачнае і, галоўнае, свежае, – адзначыў мінчанін Алег ЖУРАЎЛЁЎ, які праездам зазірнуў у краму. – Нездарма зайшоў, прадукцыю спрабую першы раз, якасць яе задавальняе.

Некаторыя пакупнікі адразу ж пасля зняцця пробы куплялі тыя вырабы, якія ім спадабаліся. Напрыклад, бялынічанка Марыя ШАРАХОЎСКАЯ ўпадабала хлеб з вотруб’ем “Дняпроўскі” і, не раздумваючы, купіла бохан.

– Сама доўгі час працавала ў аддзеле прамысловасці і з упэўненасцю магу сказаць, што вырабы заўсёды былі смачнымі, але такі вось хлеб спрабую ўпершыню, – адзначыла яна.

У цэлым, кожны, хто падыходзіў да “хлебнага” стала, выказваў толькі станоўчыя водгукі. Таму варта адзначыць, што Наталлі Квасавай удалося задаволіць густ самых патрабавальных пакупнікоў.

– Калі прыходзіць думка пачаць выпускаць нешта новае, заўсёды разважаю: як ацэняць пакупнікі, ці будзе новы прадукт карыстацца попытам, – расказала Наталля Пятроўна. – У далейшым плануем выпускаць “вушкі” слоевыя цукровыя з карыцай і булачкі для хот-догаў. Праўда, гэта пакуль толькі задумкі, але думаю, што зусім хутка новыя прысмакі з’явяцца на прылаўках нашых магазінаў.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *