Гісторыя смешных “зламаных” людзей

На сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра можна паглядзець спектакль “Дурнічка і Зэк” паводле п’есы Уладзіміра ЛІДСКАГА. Смешную гісторыю кахання двух непатрэбных людзей паставіў рэжысёр Андрэй ГУЗІЙ.

дурнічка

У кватэры двое: жанчына, якая стала інвалідам пасля аўтакатастрофы, і мужчына, якому няма куды падзецца, бо ён толькі што вызваліўся з турмы. У абодвух за плячыма свая трагедыя, пройдзеныя жыццёвыя перыпетыі. Кожнаму хочацца падзяліцца сваёй гісторыяй, і ў кожнага пры гэтым яна выходзіць скажонай, як уласнае знявечанае адлюстраванне ў крывым люстэрку. У герояў няма імёнаў – іх вызначаюць менавіта гэтыя хадзячыя назвы: Дурнічка і Зэк.

Яна апісвае яму сваё мінулае ва ўсіх фарбах: аўтакатастрофа, смерць бацькоў, траўма галавы і, як наступства, немагчымасць працягваць вучобу ва ўніверсітэце. Ён робіць амаль тое ж: спачатку распавядае небыліцы, як ваяваў на ўсіх войнах, лётаў у космас, меў зносіны з іншапланецянамі… А пасля ўсплывае гісторыя нялёгкага дзяцінства: маці гадавала Зэка адна, мала зарабляла. Тады ён і пайшоў “уніз па нахільнай”: у васьмігадовым узросце абрабаваў ларок, каб пачаставаць матулю марозівам.

Героі спектакля – людзі са зламаным жыццём, але, тым не менш, яны хочуць кахаць і быць каханымі. Дэкарацыя – велізарнае, на палову сцэны, люстэрка з  адкалотымі аскепкамі – сімвал разбітага, пашкоджанага ўнутранага свету персанажаў. На фоне яго і разгортваецца гісторыя.

Накіраванасць спектакля прымушае гледачоў, адкінуўшы забабоны, паглядзець на чалавека з пазіцый гуманнасці: на жанчыну з інваліднасцю – як на абсалютна паўнавартаснага чалавека. Яна гэтак жа, як і ўсе, хоча кахаць, завесці сям’ю і нарадзіць дзяцей. На Зэка – як на нешчаслівага чалавека, які заблытаўся і хоча, каб яго пашкадавалі. Але пашкадаваць іх абодвух няма каму, таму яны і прыбіваюцца адзін да аднаго. Аднак мы бачым у абодвух героях якасці настолькі агульначалавечыя, што проста не паварочваецца язык назваць іх непаўнавартаснымі ў якім бы то ні было сэнсе.

Пабочнай сілай, што разбурае эфемернае шчасце, на якое так спадзявалася Дурнічка, з’яўляецца яе цётка-апякун. Шок пажылой жанчыны цалкам зразумелы: для яе падапечная пляменніца – палова чалавека, і любіць ёй нельга. Галіне УГНАЧОВАЙ у ролі цёткі не проста верыш – у некаторыя моманты агульнага скандалу герояў нават становіцца страшна ад таго, як пераканаўча яна іграе ўпэўненасць у сваёй праваце і ў непаўнавартаснасці пляменніцы.

Вядома, “Дурнічка і Зэк” – гэта гісторыя і пра тое, як вера ў чалавека здольная пераўтварыць яго. Бо Дурнічка, блажэнны, божы, як яе называюць у спектаклі, чалавек – першая, хто верыць у Зэка, яго дабрыню і прыстойнасць. І… скрадзенае сталовае серабро вяртаецца ў дом, а сам ён вырашае ажаніцца на няшчаснай, як і ён сам, жанчыне. Аднак сіла негатыўнай грамадскай думкі ў асобе цёткі аказваецца ў гэтай сітуацыі разбуральнай.

Безумоўна, пастаноўка вельмі простая, не патрабуе ад гледача звышканцэнтрацыі. Па сутнасці, гэта трагі-камедыя, і нягледзячы на адкрытую драму ў жыцці герояў, гледачы шчыра смяяліся ў моманты недарэчнасці, супярэчнасці іх аповедаў.

Ці мела гісторыя двух адзіноцтваў, якія сустрэліся, шанец на шчаслівы зыход? Кожны вырашае для сябе сам: дзе праходзіць мяжа чалавечнасці ў адносінах да бліжняга, праяўляць да людзей спачуванне і радавацца разам з імі ці абмяжоўваць іх магчымасці ўласным вузкім мысленнем і навешваннем ярлыкоў.

Алена БЫКАВА.

Фота Ігара ГАЛАВАЧОВА, прадастаўлена Магілёўскім абласным драматычным тэатрам.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *