Памочнік і дарадца

семЗагадчык магазіна райста вёскі Стараселле Машчаніцкага сельсавета Галіна СЕМАШКЕВІЧ аддала працы ў сферы гандлю амаль 25 гадоў. Але яна не застаецца ў баку і ад грамадскага жыцця: зяўляецца старастай вёскі Клява.

Галіна Семашкевіч нарадзілася і вырасла ў вёсцы Кунцы. Пасля вучобы ў Мінскім электратэхнікуме сувязі яна вярнулася на малую радзіму і ў хуткім часе ўладкавалася прадаўцом магазіна ў вёсцы Стараселле, у якім шчыруе да гэтага часу.

Пакупнікі Галіны Данілаўны атрымліваюць хуткае і якаснае абслугоўванне, заўсёды ветлівае стаўленне і шырокі асартымент тавараў, пра які клапоцяцца работнікі сельмага. Таму Галіна Семашкевіч карыстаецца заслужанай павагай у мясцовых жыхароў.

Акрамя таго, прафесія прадаўца прадугледжвае пастаянную камунікацыю з людзьмі, знаходжанне ў эпіцэнтры мясцовых падзей, што вельмі важна для ўключанасці ў грамадскае жыццё.

— Да мяне, як да старасты, людзі звяртаюцца з самымі рознымі паўсядзённымі пытаннямі, якія даволі хутка вырашаюцца з дапамогай сельвыканкама або адказных служб: недзе зімой не пачысцілі ад снегу вуліцу, перагарэла лямпачка вулічнага ліхтара, затрымліваецца аўталаўка, патрэбна дапамога ў ліквідацыі небяспечнага старога дрэва каля дома, – расказвае Галіна Данілаўна.

Яна таксама з увагай ставіцца да пытанняў добраўпарадкавання гэтага паселішча і яго грамадзянскіх могілак. А яшчэ часта даводзіцца выступаць у ролі дарадцы: калі людзі не ведаюць, куды звярнуцца для вырашэння таго ці іншага пытання, яны тэлефануюць Галіне Данілаўне. Яна высвятляе, у чыёй кампетэнцыі знаходзіцца вырашэнне праблемы, якія інстанцыі могуць дапамагчы, і перанакіроўвае ў іх грамадзян.

Хоць, бывае, узнікаюць і больш значныя праблемы: некалькі разоў звярталася да раённай улады аб неабходнасці правядзення рамонту ўчастка дарогі ад Клявы да Стараселля. Пасля гэтага была праведзена яе падсыпка і грэйдзіраванне. Тым часам грунтовая дарога, па якой рухаецца сельскагаспадарчая тэхніка і лесавозы, зноў прыйшла ў непрыгоднасць. Але ініцыятыўная жанчына ўжо заручылася абяцаннем, што з надыходам летняга сезона гэты ўчастак будзе адрамантаваны.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *