Кіруючыся «мяккім шляхам»

“Спорт вучыць сумленна выйграваць, спорт вучыць з годнасцю прайграваць. Такім чынам, спорт вучыць жыць”. Гэта выказванне належыць Эрнэсту Хемінгуэю. І, варта адзначыць, вялікі пісьменнік меў рацыю. Сапраўды, спорт з’яўляецца неад’емнай часткай нашага жыцця і шмат чаму вучыць, а часам наўпрост уплывае на будучае чалавека. У рамках новага праекта чытачы раёнкі больш падрабязна даведаюцца пра тыя спартыўныя дысцыпліны, што даступныя бялынічанам, аб людзях, якія дасягнулі ў іх поспехаў, і іх трэнераў. І пра тое, што здаровы лад жыцця – гэта лепшая альтэрнатыва згубным звычкам.

рэй

Дзюдо:

вытокі і сучаснасць

З усіх відаў баявых мастацтваў Усходняй Азіі дзюдо было першым, якое атрымала міжнароднае прызнанне. Хоць гэта не такі ўжо старажытны від адзінаборстваў – яму крыху больш за сто гадоў. У канцы ХІХ стагоддзя майстар Кана Дзігора на аснове адной са школ японскага джыу-джытсу рэфармаваў вядомую яму сістэму бою і сфармуляваў сучасныя правілы дзюдо, паклаўшы ў яго аснову захопы, заломы і кідкі. Пазней са сродку самаабароны гэта адзінаборства перайшло ў спартыўную плоскасць, а з 1964 года ўваходзіць у праграму Алімпійскіх гульняў.

Дзюдо, якое займае шостае месца ў свеце сярод масава-папулярных відаў спорту, практыкуецца і на Бялыніччыне. Яно з’яўляецца адным з напрамкаў работы раённай ДЮСШ разам з гандболам і лёгкай атлетыкай. Заняткі праводзяцца на базе ФАКу “Друць”.

Ля вытокаў адкрыцця ў 1972 годзе аддзялення дзюдо на Бялыніччыне стаяў Уладзімір БАРАНОЎСКІ, які першым пачаў перадаваць свае майстэрства і вопыт маладому пакаленню.

Вялікі ўклад у развіццё адзінаборства ў раёне ўнеслі яго брат Сяргей  БАРАНОЎСКІ і Уладзімір ЗАКРЭЎСКІ. Да наступнага пакалення папулярызатараў дзюдо належаць іх вучні Раман МІХАЛЬ, браты Мікалай і Аляксандр МЕЛЬНІКАВЫ, а таксама Аляксандр АНТОНАЎ, які цяпер праводзіць заняткі з дзецьмі на татамі ФАКу “Друць”.

Аляксандр Сяргеевіч займаецца дзюдо на працягу дваццаці пяці гадоў, апошнія шэсць трэніруе дзяцей. Разам з ім працуюць трэнеры Кацярына КАРАЛЁНАК і Аляксандр САЖАНАЎ, а таксама Віталь КАРАЛЁНАК, які займаецца з дашкольнікамі.

Трэніровачным працэсам ахоплены каля 100 дзяцей, у асноўным, хлопчыкі ва ўзросце ад 4 да 17 гадоў. Зразумела, падыходы да трэніровак ва ўзроставых групах адрозніваюцца. Для самых маленькіх заняткі звычайна праходзяць у гульнёвай форме, практыкуюцца скачкі, кулькі, элементы акрабатыкі.

З пераходам у групу пачатковай падрыхтоўкі юныя барцы развучваюць зачэпы і  падсечкі, корпусныя сілавыя кідкі, развіваюць правільную каардынацыю, трэніруюць спрытнасць, гнуткасць, хуткасць.

У старэйшых групах усё больш сур’ёзна: усе элементы і навыкі спалучаюцца ў  адзінае цэлае, праводзяцца камбінацыі прыёмаў. Практыкаванні з кожным разам  ускладняюцца, а першасная задача – перамагчы саперніка любым дазволеным спосабам.

– Барэц дзюдо – гэта усебакова развіты спартсмен, – расказвае аб асаблівасцях адзінаборства Аляксандр Антонаў. – Праводзім розныя віды трэніровак, якія ўключаюць элементы гімнастыкі,  акрабатыкі, лёгкай і цяжкай атлетыкі.

прием3

Поспехі і дасягненні

Заняткі ў секцыі ў асноўным накіраваны на аздараўленне, развіццё і падтрыманне добрай спартыўнай формы выхаванцаў. На жаль, сучасныя дзеці вядуць маларухомы лад жыцця, гадзінамі праседжваюць за камп’ютарамі, тэлефонамі, іншымі моднымі гаджэтамі. Адсюль слабасць мышцаў, скрыўленне пазваночніка.

Хоць, магчыма, для кагосьці гэтыя заняткі стануць першай прыступкай у вялікі спорт, бо рабяты ўжо зараз спрабуюць свае сілы ў схватках на татамі з аднагодкамі з іншых рэгіёнаў. І, варта адзначыць, робяць гэта паспяхова.

Па выніках леташніх спаборніцтваў сярэбранымі прызёрамі першынства вобласці і бронзавымі – абласной спартакіяды школьнікаў па дзюдо сталі Антон АНТОНАЎ, Ксенія ЗУБ, Вікторыя КАЎКОВА. Мікіта РЫТТАР і Яўген ЦЫБУЛЬСКІ заваявалі бронзавыя ўзнагароды ў абласной спартакіядзе сярод спартыўных школ. Ужо ў пачатку бягучага года Уладзіслаў КАЗАНЖЫУ стаў другім на першынстве вобласці і паедзе змагацца на рэспубліканскія спаборніцтвы па дзюдо. Чацвёртае месца у гэтых спаборніцтвах занялі Антон Антонаў і Кірыл СТАРАВОЙТАЎ, пятае – Аляксандр РАМАНАЎ.

З адкрытага навагодняга турніру СДЮШОР “БелАЗ” у Жодзіна бялыніцкія дзюдаісты таксама вярнуліся з узнагародамі. Серабро на рахунку Івана ЧУЧВАГІ, бронзу заваявалі Аляксандр ЛУК’ЯНАЎ і Раман ХРАМАЖАНКОЎ.

Трэба сказаць, што разам з медалямі і дыпломамі ад арганізатараў прызёры спаборніцтваў заахвочваюцца і грашовымі прэміямі ад спонсараў.

призеры

Філасофія

“мяккага шляху”

Аднак дзюдо – гэта не толькі спорт. У яго, як у кожнага віда баявых мастацтваў, існуе свая філасофія, якая закладзена ў самой назве: “дзю” азначае мяккі, гнуткі, сціплы, “до”– шлях, манеру трымацца, пункт гледжання або склад розуму.

Яго філасофія накіравана, у тым ліку, на выхаванне такіх станоўчых якасцей, як увага да сябе і жыцця тых, хто знаходзіцца побач, рашучасці, але і пачуцця меры, павагі да старэйшых. Немалаважна і свядомая адмова ад непатрэбнай агрэсіі – выкарыстоўваць свае баявыя ўменні толькі для самаабароны.

– Дзюдо дысцыплінуе і развівае працавітасць, таму што пастаянныя трэніроўкі, фізічныя практыкаванні – гэта цяжкая праца, – падкрэслівае Аляксандр Антонаў. – Не менш важна для дзюдаіста аналітычнае мысленне. Дзюдо вучыць тактыцы, прымушае думаць, бо хітрасць перамагае сілу: паддайся, каб перамагчы, выкарыстоўвай сілу праціўніка супраць яго самога. Таксама развіваецца інтэлект дзіцяці. У дзюдо няма неабдуманых рухаў і дзеянняў. Барэц на татамі павінен пралічваць свае дзеянні на некалькі крокаў наперад, зыходзячы з сітуацыі, ходу паядынка, улічваючы, які прыём прайшоў, а які не. Па маіх назіраннях, у 80 працэнтаў дзяцей, якія сістэматычна займаюцца дзюдо, паляпшаюцца адзнакі па матэматыцы і фізіцы.

Відавочна, гэты “мяккі шлях”, насамрэч, аказваецца зусім няпростым. Усе навыкі, атрыманыя падлеткамі ў час заняткаў дзюдо, будуць карысныя ў будучыні, нават калі яны не стануць спартсменамі.

прием

Тэкст і фота

Андрэя СУПІТАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *