Беражыцеся, мароз!

Хоць і мінула ўжо палова зімы, наперадзе нас яшчэ чакаюць маразы. А такое надвор’е, як правіла, з’яўляецца небяспечным для чалавека. Але, калі захоўваць некаторыя меры бяспекі, няшчасных выпадкаў можна пазбегнуць.

У моцныя маразы павялічваецца рызыка атрымання абмаражэння. Дадатковымі фактарамі для гэтага з’яўляюцца халодны вецер і нізкая тэмпература.

Часцей за ўсё да абмаражэння прыводзяць цеснае і вільготнае адзенне і абутак, фізічная ператомленасць, голад, доўгі нерухомы стан, папярэдняя халадовая траўма, аслабленне арганізма ў выніку перанесеных захворванняў, хранічныя захворванні сасудаў ніжніх канечнасцей і сардэчна-сасудзістай сістэмы, цяжкія механічныя пашкоджанні са стратай крыві, курэнне і г. д.

Статыстыка сведчыць, што амаль усе цяжкія абмаражэнні, якія прывялі да ампутацыі канечнасцей, адбыліся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення.

Некалькі простых правілаў, якія дазволяць пазбегнуць пераахаладжэння і абмаражэння:

– як толькі адчулі пераахаладжэнне або замярзанне канечнасцей, неабходна зайсці ў цёплае месца;

– не піце спіртное: алкагольнае ап’яненне выклікае вялікую страту цеплыні цела;

– насіце свабодную непрамакальную вопратку: гэта спрыяе нармальнай цыркуляцыі крыві;

– цесны абутак, адсутнасць вусцілкі, сырыя калготкі    могуць стаць прычынай абмаражэння;

– не насіце на марозе металічныя (у тым ліку залатыя, сярэбраныя) упрыгожанні – кольцы, завушніцы і г. д. Метал астывае хутчэй за цела і магчыма іх прыліпанне да скуры. Дарэчы, кольцы на пальцах ускладняюць нармальную цыркуляцыю крыві;

– не здымайце на марозе абутак з абмарожаных канечнасцей: яны распухнуць, і вы не зможаце зноў апрануць яго;

– калі замерзлі рукі, паспрабуйце сагрэць іх пад пахамі;

– хавайцеся ад ветру: верагоднасць абмаражэння на ім значна вышэй.

Помніце, што лепшы спосаб выйсці з непрыемнага становішча – гэта ў яго не трапляць. Таму старайцеся ў моцны мароз не выходзіць з дома без неабходнасці.

Кацярына ЛЮБІВАЯ,

інспектар ГПіУГ РАНС.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *