Падвялі вынікі, адзначылі лепшых

У райаддзеле міліцыі прайшла аператыўная нарада, на якой былі падведзены вынікі працы за мінулы год. Удзел у ёй прыняў начальнік упраўлення фінансаў і тылу УУС аблвыканкама Аляксандр СЯРГЕЕЎ.

менты

У сваіх дакладах выступоўцы адзначылі, што, дзякуючы праведзенай у 2017 годзе рабоце, агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў у параўнанні з папярэднім знізілася з 209 да 201, а іх раскрывальнасць склала 75,8 %. Дасягнута станоўчая тэндэнцыя па зніжэнні са 161 да 143 (на 11,2 %) злачынстваў, зарэгістраваных па лініі крымінальнага вышуку. Зменшылася колькасць цяжкіх, асабліва цяжкіх і менш цяжкіх злачынстваў, а таксама зробленых у грамадскіх месцах і асобамі ў стане алкагольнага ап’янення.

Са станоўчага боку адзначана арганізацыя прафілактычнай работы па недапушчэнні гвалтаванняў, разбояў, вымагальніцтваў, крадзяжоў аўтатранспарту. Дасягнуты станоўчыя вынікі па прафілактыцы злачыннасці ў сельскай мясцовасці і г. д.

Улічваючы агучаную інфармацыю, на аператыўнай нарадзе быў прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на стабілізацыю крымінагеннай абстаноўкі і забеспячэнне грамадскай бяспекі ў раёне.

Напрыканцы нарады Аляксандр Сяргееў уручыў лепшым супрацоўнікам РАУС заслужаныя ўзнагароды. Нагрудным знакам “За самаадданую службу” ўзнагароджаны старшы ўчастковы інспектар ААПП Дзмітрый ГАРАЎЦОЎ. За ўмелыя і прафесійныя дзеянні, праяўленыя пры правядзенні службовых мерапрыемстваў, Граматай УУС аблвыканкама адзначаны старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы АДАІ Сяргей ЖАРНОЎСКІ. Падзякі УУС аблвыканкама аб’яўлены малодшаму аперупаўнаважанаму аддзялення крымінальнага вышуку Мікалаю СЦЯПАНАВУ і малодшаму ўчастковаму інспектару ААПП Антону ЕМЯЛЬЯНАВУ.

Шэраг супрацоўнікаў удастоены падзяк начальніка РАУС Сяргея КРАСНОВА.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Фота Аляксея РАГУЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *