Заручальны пярсцёнак

Тым летнім вечарам Святлана Ш. з сужыцелем Ігарам Т. вырашылі наведаць яго маці. Праўда, яна яшчэ не вярнулася з працы, таму Ігар разам з айчымам прыняліся рамантаваць веласіпед у верандзе дома. Святлана ў гэты час, каб не сумаваць, гуляла ў зале ў камп’ютарныя гульні.

Добра, што доўга сядзець у адзіноце не прыйшлося. Неўзабаве Вольга Т. вярнулася дадому. Пакуль яна пераапраналася, гутарыла з “нявесткай”. Між іншым, Вольга паскардзілася ёй, што пасля працы зацяклі пальцы і пачала здымаць з безыменнага заручальны пярсцёнак.

Убачыўшы золата, вочы Святланы загарэліся, і, вядома ж, ёй захацелася прымерыць упрыгожанне. Больш таго, яна папрасіла будучую свякроў падарыць ёй пярсцёнак. Вольга адказала, што ні дарыць, ні мераць заручальны пярсцёнак іншаму чалавеку нельга. Дрэнная прымета… Палажыла яго ў кішэню сваёй курткі, якая вісела ў зале, і выйшла па справах.

Зразумела, што забаронены плод заўсёды салодкі. Святлана, доўга не думаючы, выцягнула кальцо і, як ні ў чым не бывала, адправілася з Ігарам дадому.

Каля тыдня яна хадзіла з “абноўкай” на безыменным пальцы. Бачыў яе і сам Ігар, і яе стрыечная сястра Юлія Г., і на пытанне: “Адкуль яно ў цябе?” — Святлана адказвала ўсім па-рознаму, але праўды ніхто так і не дазнаўся.

Гаспадыня пярсцёнка заўважыла прапажу на наступны вечар і адразу здагадалася, але вырашыла не псаваць сыну сямейнае жыццё і прамаўчала…

Маўчанне гэта было нядоўгім. Калі Ігар пасварыўся з нявестай, Вольга расказала сыну ўсю праўду. Далей былі працяглыя сямейныя разборкі, але без міліцыі ўсё ж не абышлося. Праўда, выклікала супрацоўнікаў РАУС сама ж Святлана… на Ігара. Тады ўжо Вольга маўчаць не стала і паведаміла міліцыянерам пра скрадзены пярсцёнак.

Шкода, якую гаспадыня ацаніла ў 280 бел. руб., кампенсавана ў поўным аб’ёме.

Таццяна КОЗЫРАВА,

старшы следчы РАСК.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *