Зіма не перашкаджае наводзіць парадак

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў залежыць не столькі ад пары года і надвор’я, колькі ад імкнення людзей зрабіць свет вакол сябе лепей, іх гаспадарлівасці і адказнасці. У гэтым перакананы старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр АСІПЁНАК. І гэты тэзіс падмацоўваецца рэальнымі справамі.

Безимени-1

З першых дзён новага года сельскія выканаўчыя камітэты прыступілі да планамернага навядзення парадку ў населеных пунктах. У першую чаргу, іх праца заключаецца ў высечцы дзікай хмызняковай расліннасці. А зіма, асабліва сёлетняя, з яе цёплым надвор’ем і невялікім снежным покрывам, з’яўляецца цалкам прыдатным для гэтага часам. Тым больш, што з-за адсутнасці лістоты добра відаць сухія, старыя і ветравальныя дрэвы, якія патрабуюць высечкі, участкі зямлі, парослыя хмызнякамі і пустазеллем. Акрамя таго, зімой лепш спальваць высечаныя расліны з пункту гледжання пажарнай бяспекі – вакол няма травы, якая можа загарэцца. Галоўнае, захоўваць неабходную адлегласць ад вогнішча да жылых і гаспадарчых пабудоў.

– Радуе, што на заклік работнікаў сельвыканкамаў адгукнуліся і перанялі іх прыклад жыхары шэрагу сельскіх паселішчаў, – распавядае Аляксандр Асіпёнак. – Напрыклад, трэба адзначыць старасту вёскі Чырвоная Слабада Лебядзянкаўскага сельсавета Аляксандра ПАЛЯКОВА, які заўсёды дбае аб добраўпарадкаванні свайго паселішча. Жыхары вёскі Студзёнка Генадзь ДЗЯМІДАЎ і Юрый СТАРАВОЙТАЎ прынялі актыўны ўдзел у высечцы                кустоў на ўчастку, свабодным ад забудовы, ліквідацыі несанкцыянаванай звалкі. Вельмі добра, што людзі самі імкнуцца да парадку. Разам з тым, хочацца ў чарговы раз заклікаць жыхароў іншых населеных пунктаў далучыцца да гэтай добрай справы, а калектывам прадпрыемстваў і арганізацый нагадаць пра неабходнасць пастаяннага навядзення і падтрымання парадку на замацаваных за імі тэрыторыях.

Як адзначае Аляксандр Мікалаевіч, часта грамадзяне наводзяць парадак, што называецца, для знешняга выгляду: прыбіраюць толькі перад сваім домам, а ў іншых месцах іх прысядзібных участкаў, якія таксама на вачах, працягваюць буяць сапраўдныя джунглі пустазелля. Растуць старыя слівы або маліннік, ад якіх, па вялікім рахунку, няма ніякай гаспадарчай карысці. Усё гэта толькі псуе агульнае ўражанне аб намаганнях гаспадароў зрабіць сваю прыдомаваю тэрыторыю больш прывабный.

– А вось яшчэ адна тыповая памылка нашых людзей, – каментуе Аляксандр Асіпёнак. – Пасля высечкі хмызняку, абрэзкі дрэў яны складваюць галіны ў кучы на вуліцы або прысядзібным участку, дзе тыя ляжаць доўгі час, замест таго, каб аператыўна іх ліквідаваць.

Павышаная адказнасць ляжыць на грамадзянах, дамы якіх знаходзяцца пры ўездзе ў вёску або аграгарадок. Менавіта з іх і пачынае фарміравацца агульнае ўражанне аб населеным пункце. І вельмі важна яго не сапсаваць плотам, які асунуўся, або парослай пустазеллем прыдомавай тэрыторыяй.

студ

У чарговы раз хочацца дастукацца да сумлення людзей, якія атрымалі ў спадчыну ад бацькоў або іншых сваякоў домік у вёсцы, аднак не жывуць у ім і зусім забыліся пра свае абавязкі ўтрымліваць яго ў належным стане. Іх бацькоўскія гнёзды трухлеюць і ўяўляюць небяспеку ў выпадку пажару, а таксама як месца збору асацыяльных грамадзян. Не трэба даводзіць да сітуацыі, калі суд або сельвыканкам прыме  рашэнне аб зносе такога пустуючага будынка.

– Важна, каб кожны гаспадар клапаціўся не толькі пра сваю сядзібу, але не заставаўся абыякавым да таго, што робіцца на той вуліцы, дзе ён жыве. Прэзентабельны выгляд вёсак і аграгарадкоў, па вуліцах якіх не сорамна прайсціся, залежыць ад агульных намаганняў усіх жыхароў Бялыніччыны, – падсумоўвае Аляксандр                  Асіпёнак.

Андрэй СУПІТАЛЁЎ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *