Чатырохгадовы выхаванец дзіцячага садка № 7 Мацвей Лапіцкі сур’ёзна цікавіцца матэматыкай

Менавіта столькі гадоў выхаванцу дзіцячага садка № 7 Мацвею ЛАПІЦКАМУ. Нягледзячы на свой узрост, хлопчык актыўна развіваецца, імкнецца пазнаваць з кожным днём усё новае і новае, сур’ёзна цікавіцца матэматыкай.

Матвей

Першае пытанне, якое ўзнікла ў мяне, калі ўбачыла Мацвея: адкуль чатырохгадовае дзіця ведае табліцу множання? Выхавальніца Аксана МЯСНІКАВА ўразнабой задавала хлопчыку прыклады, а ён з лёгкасцю адказваў на іх. Такой хуткасці ў падліках маленькага дзіцяці яшчэ не бачыла.

– Будучы матэматык расце, – гаворыць Аксана Іванаўна пра Мацвея. – Мы яшчэ не праходзім па праграме заняткаў тое, што ён ужо даўно ведае. Прыклады на складанне і адніманне ён рашаў яшчэ ў яслях. Тады ж расказваў аднагрупнікам, што такое трапецыя і шасцікутнік. А вось у сярэдняй групе ўжо і табліцу множання ведае. Адным словам – адоранае дзіця. А ў гэтым вялікая заслуга бацькоў, яны ўвесь час займаюцца з Мацвеем, таму і такі вынік.

Хлопчык вельмі ўважлівы, сур’ёзна падыходзіць да кожнай справы. Напрыклад, у групе ёсць “Куток прыроды”, які складаецца з 4-х частак – гэта лічба і месяц, дзень тыдня, градуснік і пара года. Дык вось Мацвей вядзе строгі кантроль за паказчыкамі гэтага кутка. Кожная раніца пачынаецца з таго, што ён змяняе дзень і дату.

– Калі і хацеў бы забыцца – усе роўна нагадае, – смяецца Аксана Мяснікава.

Мацвей сур’ёзна ставіцца да кожнай справы, гэта атрымліваецца ў хлопчыка дзякуючы выхаванню. Дарэчы, падчас размовы на ўсе пытанні ён адказваў дакладна, без лішніх фраз. А вось матэматыцы ён вучыцца паралельна са старэйшай сястрой Ульянай, якая ходзіць у трэці клас СШ № 1 імя М.І. Пашкоўскага.

Лапицкий

– Дачцэ задалі вывучыць табліцу множання, – расказала маці Мацвея Вольга Міхайлаўна. – А яна калі што вучыць, то ўслых. А Мацюша побач з ёй гуляў у цацкі ў гэты час. Такім вось чынам і запомніў. Мы і самі здзівіліся, калі ён пачаў правільна арыентавацца ў табліцы множання.

Цяпер бацькі займаюцца з сынам чытаннем. Алфавіт хлопчык ужо ведае добра, па складах прачытаць можа сказ. Неўзабаве Мацвей зможа пачытаць сябрам невялікую казку.

Але, зразумела, што для таго, каб нешта запомніць, патрэбна зацікаўленасць, якой Мацвей не абдзелены.

Хлопчык не шукае лёгкіх шляхоў. Гульні, якія яго прыцягваюць, адрозніваюцца тым, што патрабуюць лагічнага мыслення. Мацюша часта складае пазлы, любіць канструяваць, з задавальненнем гуляе ў настольныя гульні.

– Ён вельмі прыязны і камунікатыўны хлопчык, – адзначыла Аксана Мяснікава. – Заўсёды знаходзіцца ў асяроддзі дзяцей. У групе ў яго многа сяброў.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *