Родная Магілёўшчына

Найбольш старажытныя гарады Прыдняпроўскага краю, сярод якіх Магілёў, Крычаў, Мсціслаў і іншыя, вядуць сваё летазлічэнне з ХІІ-ХІІІ стагоддзяў.

У IX-X стагоддзях тэрыторыя сучаснага Магілёва пачынае інтэнсіўна асвойвацца славянамі. У ХІІ ст. існавалі ўмацаванне на гары Магіла і селішча каля ракі Дубравенка. У ХІІІ ст. Магілёў з’яўляўся цэнтрам феадальнай сядзібы і мог выконваць функцыі крэпасці. У IX-XII стагоддзях магілёўскія землі ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. Менавіта тады на берагах Дняпра, па гандлёвым шляху “з варагаў у грэкі”, сталі ўзнікаць шматлікія паселішчы і гарады. З XII і да сярэдзіны XVI стагоддзя Магілёўшчына ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, пасля аб’яднання польска-літоўскай дзяржавы – Рэчы Паспалітай.

У XV-XVI стагоддзях Магілёў становіцца вялікім гандлёвым і рамесным цэнтрам Беларусі. Яго купецтва было шматлікім, мела свае арганізацыі, гандлявала з Прыбалтыкай, Польшчай, Расіяй, Чэхіяй і іншымі краінамі. Магілёўскія рамеснікі аб’ядноўваліся ў цэхі.

У 1577 годзе ў горадзе пражывала каля 10 тыс. жыхароў, а ў пачатку XVII ст. – 17 тысяч. Не выпадкова ў 1561 годзе Магілёў атрымаў права на войтаўства, а ў 1577 г. – Магдэбургскае права і герб.

Галоўным адміністрацыйным цэнтрам сярод гарадоў сучаснай Магілёўскай вобласці ў тыя часы стаў Мсціслаў, які ў XVI-XVIII стагоддзях быў цэнтрам ваяводства. У сярэдзіне XVII ст. на тэрыторыі цяперашняй вобласці налічвалася 40 гарадоў і мястэчак.

Сярод выбітных ураджэнцаў Магілёўшчыны гэтага перыяду – Пётр Мсціславец (рускі і беларускі першадрукар, выдаў “Евангелле вучыцельнае”), Спірыдон Собаль (магілёўскі кнігадрукар, унікальнае выданне яго – “Букварь языка славеньска”), Сцяпан Іваноў (майстар паліхромных маёлікавых форм), Пётр Яўсеевіч з Галынца (яркі прадстаўнік беларускай іканапіснай школы).

У склад Расійскай імперыі магілёўскія землі былі ўключаны падчас першага падзелу Рэчы Паспалітай, калі ў 1772 годзе па ўказе Кацярыны II была ўтворана Магілёўская губерня з цэнтрам у Магілёве.

Частыя войны таго часу руйнавалі Прыдняпроўскі край. Не абыйшла бокам Магілёўшчыну і вайна 1812 года. У 12 кіламетрах ад Магілёва каля вёскі Салтанаўка адбылася знакавая бітва. Прыкрываючы адступленне рускіх войскаў, 7 корпус генерала Раеўскага ў сустрэчнай бітве стрымаў пераўзыходзячыя па колькасці французскія войскі маршала Даву, што дазволіла 2-й Заходняй арміі генерала Баграціёна фарсіраваць Днепр на поўдзень ад Быхава і злучыцца ў Смаленску з 1-й Заходняй арміяй генерала Барклая дэ Толі.

Асабліва хуткімі тэмпамі Магілёўская губерня пачала развівацца ў ІІ палове XIX стагоддзя пасля адмены прыгоннага права і рэформ 1860-х гадоў, якія сталі наймагутнейшым імпульсам для развіцця эканомікі рэгіёну.

Сярод выбітных асоб гэтага перыяду – Аляксандр Дэмбавецкі – губернатар Магілёўскай губерні ў 1872-1893 гадах; Вітольд Бялыніцкі-Біруля – выдатны беларускі і савецкі жывапісец; Мікалай Судзілоўскі – этнограф, географ, хімік і біёлаг, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Расіі, Швейцарыі, Англіі, Францыі, Балгарыі, ЗША, Японіі, Кітаі, сенатар і прэзідэнт сената Тэрыторыі Гаваі і інш.

Паступальны рух развіцця Прыдняпроўскага краю перапыняе Першая сусветная вайна, а таксама рэвалюцыйныя ўзрушэнні і Грамадзянская вайна. Са жніўня 1915 года па лістапад 1917 года ў Магілёве размяшчалася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага рускай арміяй.

У 1919-1924 гадах Магілёў з’яўляўся цэнтрам павета Гомельскай губерні Расіі, пазней РСФСР. У 1924 годзе, у выніку першага ўзбуйнення, Магілёўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Горацкі і Мсціслаўскі паветы былі далучаны да БССР. Згодна з новым адміністрацыйным падзелам на тэрыторыі Магілёўшчыны створаны Магілёўская, Калінінская (цэнтр Клімавічы) і Бабруйская акругі.

У 1920-я гады пабудаваны і ўведзены ў строй чыгункі Слуцк-Асіповічы-Магілёў-Крычаў-Рослаў і Орша-Крычаў-Унеча.

Паступова пачынаецца аднаўленне і развіццё прамысловасці. У 1930-я гады ўступілі ў строй фабрыка штучнага валакна імя Куйбышава, трубаліцейны і аўтарамонтны заводы ў Магілёве, фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, швейная фабрыка і гідролізны завод у Бабруйску, сілікатны – у Клімавічах, цэментны – у Крычаве, цагляны – у Чавусах…

У 1925 годзе пастановай СНК БССР да Горацкага сельскагаспадарчага інстытута далучылі Беларускі інстытут сельскай і лясной гаспадаркі. На іх базе была створана Беларуская дзяржаўная акадэмія сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Рашэннем I сесіі Вярхоўнага Савета СССР 15 студзеня 1938 года была ўтворана Магілёўская вобласць.

Трохгадовы перыяд з моманту ўтварэння вобласці і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў адзначаны паскарэннем развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі, павышэннем матэрыяльнага і культурнага ўзроўняў насельніцтва Магілёўшчыны.

Міхась ЗАВЕЙНЫ.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *