Апошнім часам сярод моладзі карыстаецца попытам такая паслуга ЗАГСу, як выязная рэгістрацыя шлюбу

Апошнім часам сярод моладзі карыстаецца попытам такая паслуга ЗАГСу, як выязная рэгістрацыя шлюбу. Вяселле – асаблівы дзень у жыцці маладых, таму іх жаданне зрабіць яго непаўторным і запамінальным цалкам зразумелае.

св

Аддзел ЗАГСу райвыканкама ўпершыню правёў выязную рэгістрацыю шлюбу 20 студзеня. У рэстаран “Бялынічы” супрацоўнікі аддзела выехалі, каб афіцыйна зарэгістраваць каханне двух сэрцаў – Віталія ГУЗАВА і Аліны МЕЛЯШКЕВІЧ. Спецыяльна для аказання такой паслугі быў набыты важны элемент дэкору для цырымоніі – вясельная арка.

– Шчыра кажучы, усё прайшло нават больш прыгожа і ярка, чым мы чакалі, – распавядае маці нявесты Іна Меляшкевіч. – Цырыманіяльныя аксесуары і арганізацыя свята былі на вышэйшым узроўні. Акрамя таго, для нас выязная рэгістрацыя аказалася больш зручнай: і маладым, і гасцям не прыйшлося ехаць у ЗАГС, што было б стамляльна.

Дарэчы, маладыя актыўна арэндуюць вясельную арку і пры рэгістрацыі шлюбу ў ЗАГСе. Вячаслаў МІРАНЧУК і Ганна БУРСАВА, якія пажаніліся 27 студзеня,   з радасцю выкарысталі такую магчымасць:

– Урачыстасць атрымалася вельмі прыгожай, мы засталіся задаволены цырымоніяй, а зала была аформлена шыкоўна, – кажа Ганна. – Удзячныя работнікам аддзела ЗАГСу за арганізацыю свята на такім высокім узроўні.

Цяпер выязныя рэгістрацыі шлюбу супрацоўнікі ўстановы плануюць праводзіць пастаянна. Аб гэтым распавядае начальнік аддзела ЗАГСу райвыканкама Наталля ЛАЗОЎСКАЯ:

– Звычайна, маладым, акрамя выязной рэгістрацыі, прыходзіцца арэндаваць у вясельнага агенцтва арку. З-за таго, што мы маем уласную, гэтая паслуга ў нас каштуе танней. Таму ў бягучым годзе запрашаем усіх жадаючых рэгістраваць шлюбы па-за межамі ЗАГСу. Напрыклад, прыгожую ўрачыстасць можна арганізаваць на базе адпачынку “Глушцова такавішча”.

Алена БЫКАВА.

Фота Яўгена САГІНА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *