На працягу дзесяці гадоў супрацоўнікі Цэнтральнай клубнай сістэмы рэалізоўваюць праект “Клуб у гасцях у клуба”
На працягу дзесяці гадоў супрацоўнікі Цэнтральнай клубнай сістэмы рэалізоўваюць праект “Клуб у гасцях у клуба”. Калектывы ўстаноў культуры раёна перыядычна наведваюць сваіх калег з выязнымі канцэртамі. Чарговы з іх не так даўно адбыўся ў Запольскім сельскім клубе.
Супрацоўнікі РЦК падарылі жыхарам в. Заполле добры настрой, выканаўшы для іх некалькі музычных і тэатральных нумароў. Адкрыў канцэртную праграму Уладзіслаў КАРАЛЁНАК, які праспяваў песню “Чортава кола”. Далей гучалі песні іншых выканаўцаў – Веранікі ЧАРНЯКОВАЙ, Елізаветы БАНДАРЭНКА і Яўгеніі ЗЯНЬКОВАЙ. Асаблівую ўвагу вяскоўцаў прыцягнуў тэатр Юнага гледача, які, дарэчы, сёлета адзначыць 50-гадовы юбілей з дня прысваення яму звання “народны”. Яго артысты паказалі ўрывак са спектакля па п’есе Міхася Чарота “Мікітаў лапаць”. Яна – пра вясковае жыццё і каханне, таму, можа быць, гледачы пазналі ў героях сябе ці суседа.
Сваім акцёрскім майстэрствам парадавалі вяскоўцаў удзельнікі народнага тэатра: Анатоль ВІННІКАЎ, які выканаў байку Якуба Коласа “Зяць”, і Ірына КАСЦОВА маналогам “Мядовы месяц пасля разводу”.
Праграма канцэрта была насычанай. У перапынках паміж творчымі нумарамі вядучая Галіна КЛІНЦОВА забаўляла запольцаў гульнямі, загадкамі. З дапамогай апладысментаў яны выбралі, у якой частцы залы сядзяць самыя гучныя і дружныя гледачы, прыгадалі песні пра зіму, Новы год і г. д. А маленькія гледачы прынялі ўдзел у песні-гульні “Ёлачкі-пянёчкі”.
У зале панавала вясёлая святочная атмасфера, таму час канцэрта праляцеў незаўважна. Вяскоўцы адыходзілі дадому з добрым настроем і прасілі артыстаў прыехаць да іх зноў, каб яшчэ раз культурна адпачыць.
Марыя ШУТ.
Фота аўтара.