Вайсковыя будні вачыма школьнікаў

Ваенны камісарыят Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама 31 студзеня арганізавалі для вучняў 10 і 11 класаў СШ № 1 імя М.І. Пашкоўскага і СШ № 2 экскурсію ў 114 гвардзейскую школу па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра, якая размяшчаецца ў ваенным гарадку Печы.

Безимени-1

– Такая экскурсія была арганізавана ўпершыню, – расказаў начальнік групы прызыву на ваенную службу Павел ГАРБАЧОЎ, які суправаджаў школьнікаў падчас паездкі. – Галоўная яе мэта – пазбавіць хлопцаў боязі праходжання тэрміновай ваеннай службы. Часта атрымліваецца так, што маладому  чалавеку прыходзіць павестка і яго ахоплівае паніка, бо ён не ведае, што такое армія, як там служаць, як наладжаны быт салдат і г. д. Дзякуючы  экскурсіі, хлопцы на ўласныя вочы пабачылі, што нішто страшнае  і небяспечнае іх не чакае. Некаторыя з іх нават выказалі жаданне паступіць у  вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы.

20180131_103656

Школьнікі пазнаёміліся з размяшчэннем і бытам ваеннаслужачых, вучэбнымі класамі і трэнажорамі ваеннай тэхнікі. Яны актыўна задавалі пытанні, з цікавасцю разглядалі ўзбраенне. Некаторыя з іх нават самастойна разабралі і сабралі аўтамат Калашнікава.

Аб уражаннях адразу пасля паездкі расказалі самі хлопцы.

Аляксандр БАРЫСАЎ, вучань 11 класса СШ № 2:

– Нам выпала сапраўды ўнікальная магчымасць. Мы пазнаёміліся з паўсядзённым жыццём ваеннаслужачых, пабачылі, у якіх умовах жывуць салдаты, іх абмундзіраванне, узбраенне ваеннай часці.

Зусім хутка я буду абітурыентам, і паступленне на ваенны факультэт у маім прыярытэце.

Анатоль СЦЯПАНАЎ, дзесяцікласнік СШ № 1 імя М.І. Пашкоўскага:

– Спадзяванні і рэальнасць не супалі. Усё аказалася лепш, чым я ўяўляў. Здзівіла тое, што ў казармах зроблены добры рамонт, створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання, нават тэлевізар ёсць. Уразілі і вучэбныя класы. Усе яны спецыялізаваныя, устаноўлена новае абсталяванне, таму ўсе атрыманыя тэарэтычныя веды можна адразу замацаваць на практыцы.

Юрый ЛАПО, адзінаццацікласнік СШ № 2:

– Аб воінскай службе ведаю не па чутках, таму што брат служыць у Печах па кантракце. Часта распавядае пра вайскоўцаў. Можа быць, таму і я вырашыў паступаць у Ваенную акадэмію. Экскурсія, безумоўна, была карыснай. Думаю, што ўсіх дапрызыўнікаў цікавіць, як і што ўладкавана ў войску, але магчымасці паглядзець на гэта ўжывую да пачатку службы няма. А тут нам такі шанец выпаў. Яшчэ дазволілі паглядзець, як працуюць трэнажоры, разбіралі і збіралі аўтамат без дапамогі салдат тэрміновай службы. Адзін з бялынічан нават змог паспрабаваць на трэнажоры сябе ў ролі танкіста.

Марыя ШУТ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *