“Такое не падлягае забыццю”

подольскийДваццаць дзевяць гадоў таму закончылася вайна ў Афганістане, якая забрала маладыя жыцці амаль 15 тысяч салдат і афіцэраў. У тым ліку і больш за 700 беларусаў. На родную Бялыніччыну не вярнуліся Генадзь Бельскі, Міхаіл Зайцаў, Міхаіл Лапо.

Прайшоў праз выпрабаванне гэтай вайной і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, дырэктар ДСЮШАР Віктар Падольскі.

– Віктар Іванавіч, у які перыяд вайны вам давялося служыць у Афганістане?

– То быў заключны перыяд яе. Але ж у жніўні 1986 года, калі патрапіў у Афганістан, пра гэта ніхто нават не здагадваўся. Дахаты вярнуўся ў маі 1988, а да вываду савецкіх войск з ДРА заставаўся яшчэ амаль год, калі мост памежнай ракі Амудар’я пад Тэрмезам 15 лютага перайшоў апошні савецкі салдат абмежаванага кантынгенту. Скончылася вайна, якая працягвалася крыху больш за 9 гадоў, дзе нашы ваеннаслужачыя, праяўляючы мужнасць, самаадданасць і адвагу, выконвалі свой салдацкі абавязак і інтэрнацыянальны доўг. Неабходна ўсведамляць і тое, што афганскі ваенны канфлікт стаў і першай вялікай антытэрарыстычнай аперацыяй у навейшай гісторыі, спробай спыніць спаўзанне свету ў крывавы хаос.

– Вам даводзілася ўдзельнічаць у баявых аперацыях?

– Службу праходзіў у батальёне аховы. Адзін раз на квартал па месяцу даводзілася жыць на горнай заставе. Са снарадных скрыняў, якія запоўнілі пяском і гравіем, зрабілі збудаванне – там і жылі-пажывалі. Адсутнічала электрычнасць, есці гатавалі самі на паходнай кухні.

Апроч гэтага, даводзілася пабываць і ў засадах, і калоны суправаджаць…

– Нагадайце, калі ласка, у якім годзе воіны-інтэрнацыяналісты нашага раёна стварылі сваю  грамадскую арганізацыю?

– Гэта значная для нас падзея адбылася чвэрць стагоддзя таму. Хачу адзначыць вялікую работу па аб’яднанні былых воінаў-інтэрнацыяналістаў, на долю якіх прыпалі цяжкія фізічныя і маральныя выпрабаванні ў Афганістане, якую правёў Віктар Капылоў. Таму Віктар Васільевіч тады быў адзінагалосна выбраны намі і старшынёй раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” і ўзначальваў яе да 2002 года.

– Чым займаюцца члены раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”?

– Галоўным, найважнейшым кірункам дзейнасці нашага грамадскага аб’яднання з’яўляецца патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, падрыхтоўка яго да службы ва Узброеных Сілах Беларусі, захаванне памяці пра ўсіх баявых сяброў, якія пайшлі ўжо з жыцця. Былыя воіны-“афганцы” выступаюць перад школьнікамі раёна, дапрызыўнікамі, праводзяць для іх разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы.

Для ветэранаў спорту Бялыніцкага, Круглянскага, Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў, у тым ліку і воінаў-“афганцаў”, рэгулярна праводзім спаборніцтвы па міні-футболе, якія прысвячаюцца памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Што ж да актыўнасці сяброў нашага аб’яднання, то найбольш яе праяўляюць Аляксандр Юшкевіч, Сяргей Румянцаў, Пётр Пугач і іншыя. Яны душою хварэюць за лёс нашай арганізацыі, прапаноўваюць свае ініцыятывы, клапоцяцца пра таварышаў. Гэтыя людзі ніколі не праяўляюць раўнадушша і заўсёды гатовы прыйсці            на дапамогу.

Такі ўжо іх характар, загартаваны вайной. Напрыклад, Сяргей Румянцаў на тэрміновую службу ў Савецкую Армію быў прызваны восенню 1985 года. Інтэрнацыянальны абавязак і салдацкі доўг выконваў у складзе 350 палка Віцебскай дэсантнай дывізіі. Спачатку служыў вадзіцелем БМП, потым – стралком аўтаматычнага гранатамёта. За час прахаджэння тэрміновай службы яму давялося пабываць літаральна ва ўсіх найбольш “гарачых” кропках Афганістана. Узнагароджаны медалём “За адвагу”.

Пётр Пугач скончыў Эсьмонскую СШ і Магілёўскае ГПТВ № 14. Перад прызывам на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы СССР некалькі месяцаў папрацаваў токарам у родным саўгасе “Эсьмоны”. Увосень 1986 прызваны ў армію і апынуўся ў “вучэбцы” ў Тэрмезе. Вясной наступнага года танкіст Пётр Пугач залічаны ў састаў роты            баявога суправаджэння 181 палка, які дыслакаваўся ў Кабуле. Узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.

Многія воіны-“афганцы” і па сёння дастойна працуюць на карысць роднага раёна і Беларусі, уносяць асабісты ўклад ва ўмацаванне згоды ў грамадстве, выхаванне падрастаючых пакалення ў духу патрыятызму, стойкасці              і самаадданага служэння Айчыне.

Канечне, час аддаляе нас ад тых падзей. Але памяць пра вайну па-ранейшаму шчымлівым болем адгукаецца ў сэрцах матуль і бацькоў, удоў і дзяцей, родных і таварышаў тых салдат і камандзіраў, якія вярнуліся дадому страшэнным “грузам-200”.

Хачу адзначыць, што наша грамадскае аб’яднанне заўсёды знаходзіць падтрымку як у кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, гаспадарак і ўстаноў раёна, так і на ўзроўні райвыканкама.

Безумоўна, раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” не вычарпала ўласныя рэзервы і магчымасці па актывізацыі сваёй дзейнасці. А таму наперадзе ў нас шмат яшчэ работы.

З Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, дарагія баявыя сябры!

Гутарыў Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота Алены БЫКАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *