Ад тых дзён засталіся гонар і мужнасць

Снежань 1989 года. З гарачага Афганістана вяртаюцца дэмабілізаваныя воіны-інтэрнацыяналісты. У іх ліку – бялынічанін Аляксандр ЮШКЕВІЧ. На грудзях яго ззяюць ордэн Чырвонай Зоркі і медаль “За баявыя заслугі”. Атрымаў гэтыя ўзнагароды малады дэсантнік, прайшоўшы нялёгкі шлях той доўгай і цяжкай вайны…  

юшкевічі

 

У васямнаццаць гадоў у складзе 103-й дэсантнай дывізіі Аляксандр Юшкевіч патрапіў у вучэбную часць у Фергану. Рэжым там быў вельмі жорсткі: маладых салдат рыхтавалі да ваенных дзеянняў, таму нікому не давалі паслаблення.

– Спачатку было вельмі складана, – успамінае тыя дні Аляксандр Піліпавіч. – Кожны дзень бегалі па 10 кіламетраў з поўнай баявой выкладкай, вага якой дасягала 50 кг. Ведаеце, там усе дапамагалі адзін аднаму, без гэтага было б зусім невыносна. Таму ўдзячны ўсім маім таварышам і паплечнікам: у пераломны момант менавіта яны падказалі, што галоўнае –  цяпер не зламацца, а далей будзе лягчэй. Я пераадолеў сябе.

Вучоба скончылася – і пачалася вайна. Пасля шасці месяцаў у Фергане дывізія перадыслацыравалася ў Кабул. Горы, спякота, недахоп вады. У такіх умовах пройдуць наступныя 22 месяцы да звальнення ў запас.

– За гэты час наша рота ўдзельнічала ў 50 баявых аперацыях, – распавядае Аляксандр Юшкевіч. – У адной з іх страцілі 20 з 60 таварышаў. Усвядоміць гэта немагчыма: адслужылі разам год – і раптам іх не стала. Аднойчы мы патрапілі пад абстрэл, побач знаходзіўся мой баявы таварыш Ігар ШАШКІН . Ён загінуў ад снайперскай кулі. Помню гэта як зараз: Ігар стаіць і быццам нічога не адбываецца, але раптам падае. Ніколі не забуду гэтага чалавека, як і ўсе падзеі, якія адбыліся ў гарах Афганістана. Як і сваіх таварышаў Віктара ДЫМАВА, Ігара БОНДАРАВА, якія мужна змагаліся і заўчасна сышлі з жыцця.

У адной з ваенных аперацый Аляксандр Юшкевіч атрымаў раненне. Тры месяцы прыйшлося правесці ў шпіталі. Яго нават хацелі адправіць дадому, але салдат не пагадзіўся: хадзіў да камандавання і ўсё ж такі дабіўся таго, каб прадоўжыць службу. Хацеў прайсці гэты шлях да канца, унутраны стрыжань не дазволіў здацца.

Нарэшце абпалены сонцам Кабул застаўся ў мінулым. Байцы вярнуліся дадому. На віцебскім вакзале падчас развітання слёз ніхто з іх не саромеўся: яны ліліся самі па сабе і, хоць не маглі залячыць душэўныя раны, былі як бы ахоўнай кропкай у складаным жыццёвым этапе кожнага, хто перажыў гэту вайну.

Пачалося звычайнае, мірнае жыццё. Аляксандр Юшкевіч паступіў у Магілёўскі  педінстытут на факультэт  фізічнага выхавання. Аднак правучыўся там толькі адзін месяц: сябры падказалі змяніць спартыўны касцюм на міліцэйскую форму. З Бялыніцкага РАУС выйшаў на пенсію з пасады старшага аператыўнага дзяжурнага ў званні лейтэнанта год таму.

– Не сакрэт, што для некаторых маладых людзей тая вайна стала траўмай, пасля якой яны так і не змаглі ачуняць. Доўгі час здані мінулага і да мяне вярталіся па начах, ад чаго прачынаўся ў халодным поце, – працягвае Аляксандр Піліпавіч. – Мая каханая жонка Наталля Анатольеўна – гэта той чалавек, які дапамог мне не зламацца, падтрымаў у жыцці. Вялікім шчасцем для мяне было сустрэць яе.

Зараз у іх дружнай сям’і двое дзяцей: сын Раман і дачка Вольга. Звычайныя справы, сямейныя клопаты. Калі я запыталася ў гэтага сталага чалавека, як ён глядзіць на тыя страшныя падзеі з вышыні сённяшняга дня, Аляксандр адказаў:

– Ганаруся тым, што прайшоў ваенную службу ў Афганістане, не быў баязліўцам. Мне падаецца, што гэта зрабіла мяне мацнейшым і больш мужным, чым я быў. Хоць было цяжка, а памяць аб вайне, наогул, застанецца назаўсёды, не цямнее з гадамі.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *