Трывожаць душу ўспаміны

15 лютага… Гэта дата асабліва важная для ветэрана афганскай вайны Анатоля МУРАЎЁВА.

Безимени-1

Успамінаюць пра той час “афганцы” з цяжкасцю. Вайна навучыла іх мужнасці, стрыманасці і цярпенню. Можа быць, таму яны трымаюць у сабе ўсе ваенныя гісторыі і расказваюць пра іх даволі рэдка.

Але ўсё ж такі падчас размовы з карэспандэнтам райгазеты Анатоль Іванавіч падзяліўся ўспамінамі, узгадаў той самы дзень, калі даведаўся, куды яго кідае лёс…

– Зразумела ж, хваляваўся, – успамінае ён. – Вайна нікога не шкадуе. Загад быў, трэба яго выконваць, таму страх удалося пераадолець. З Кабула нас размеркавалі па ўсёй тэрыторыі Афганістана, дзе вяліся баявыя дзеянні. Я трапіў у Джэлалабад. Горад быў размешчаны вельмі далёка ад сталіцы, практычна, на мяжы з Пакістанам. Тым не менш, да нас прыязджалі артысты з канцэртнымі праграмамі. Добра запомніўся канцэрт Льва Лешчанкі. Да гэтага часу захоўваю фатаграфію з ім.

66-я мотастралковая брыгада, у складзе якой служыў старшы лейтэнант Анатоль Мураўёў,  прыкрывала Хайберскі праход. Мясцовасць горная, не лясістая – схавацца было нялёгка. Іх садзілі ў верталёт і выкідвалі ў горы. Даводзілася і цэлымі днямі ляжаць нярухома, каб быць непрыкметным.

– Ляжыш у гарах, чуеш, як бомба ляціць. І не ведаеш – праляціць міма ці не, – успамінае Анатоль Мураўёў.

У горы салдаты ішлі на некалькі сутак, таму трэба было цягнуць з сабой усё неабходнае: ваду, сухпаёк. Акрамя гэтага кожнаму салдату выдзялялі па тысячы патронаў, шэсць гранат – дзве наступальныя і чатыры абарончыя.

– Зразумела, што нагрузка вялікая, не кожны вытрымае, – распавядае Анатоль Іванавіч. – Але страшней за ўсё было разуменне таго, што тваё жыццё вісіць на валасінцы.

Там упершыню яму давялося забіваць і, што самае жудаснае, бачыць смерць таварышаў, з якімі яшчэ некалькі гадзін таму еў з аднаго кацялка.афган1

Успамінаць пра гэта цяжка, але галоўнае, што Анатоль Іванавіч вярнуўся дадому, бо тут чакаў яго самы дарагі чалавек – маці. Яна ўвесь гэты час жыла з надзеяй і верай у тое, што сын вернецца.

За мужнасць і адвагу на афганскай вайне Анатоль Мураўёў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Пасля Афганістана ён хацеў пачаць жыццё з чыстага ліста і не ўзгадваць тыя 730 дзён, але ўспаміны часта трывожаць душу. Ён памяняў некалькі гарадоў і краін, а з 1992 года уладкаваўся працаваць на чыгунку, жыў у Мінску. Там ён шчыраваў амаль дваццаць гадоў, даслужыўся да начальніка аддзела. За добрасумленную працу яго ўзнагародзілі нагрудным знакам “Выдатнік беларускай чыгункі”.

І вось ужо год, як Анатоль Іванавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. У вялікім горадзе жыць стала сумна, таму ён вырашыў вярнуцца на  малую радзіму – у Бялынічы. Тут ён          атрымлівае асалоду ад жыцця, дапамагае маці.

Часта, калі ў вольны час Анатоль Іванавіч прагульваецца па парку, у якім знаходзіцца помнік загінуўшым воінам-інтэрнацыяналістам, успамінае Генадзя БЕЛЬСКАГА.

– Мы з Генам пазнаёміліся выпадкова, ён служыў у спецназе, – распавядае Анатоль Мураўёў. – Напачатку чэрвеня 1982 праводзілася баявая аперацыя, і некалькі спецназаўцаў рыхтаваліся да яе на нашай базе. Увечары, калі разгаварыліся, даведаліся, што мы землякі. Неўзабаве я атрымаў адпачынак, перад адлётам, у аэрапорце, даведаўся, што Гена загінуў. Цяпер, калі праходжу міма, заўсёды яго ўспамінаю.

Марыя ШУТ.

Фота аўтара і з уласнага архіва Анатоля Мураўёва.

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *