З 5 па 11 лютага праваахоўнікі склалі 28 адміністрацыйных пратаколаў

Па інфармацыі начальніка штаба РАУС Дзмітрыя ІГНАТОВІЧА, з 5 па 11 лютага праваахоўнікі склалі 28 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага ап’янення – 18, дробнае хуліганства – 2, сямейны скандал – 5, непадпарадкаванне  – 1, ілжывы выклік – 1.

Нясун. Аператар машыннага даення ААТ “Новая Друць” паляніўся ісці па малако ў магазін і вынес 2 літры сырадою з малочна-таварнага комплексу сельгаспрадпрыемства.

Падманулі. Бялынічанка патэлефанавала ў дзяжурную службу РАУС і паскардзілася на невядомага, які падманным шляхам прымусіў яе пакласці 60 рублёў на рахунак яго нумара мабільнага тэлефона.

Паклёп. Жыхарка Камяніцы паскардзілася праваахоўнікам на неўстаноўленую асобу, якая распускала чуткі наконт таго, што жанчына вырабляе і прадае спіртное. Міліцыянеры хутка знайшлі паклёпніцу і выдалі ёй адміністрацыйны пратакол.

Спачатку прадаў.  Жыхарка Нежкава паскардзілася ўчастковаму інспектару міліцыі на аднавяскоўца, які прадаў ёй парасё, а потым самавольна забраў назад, тлумачачы гэта тым, што жанчына не поўнасцю разлічылася з ім за набытую жывёліну. Праводзіцца праверка.

Вырываюць з рук. Бялынічанін патэлефанаваў у дзяжурную службу РАУС і паскардзіўся, што невядомыя забралі ў яго акустычную калонку. Праводзіцца праверка.

Яшчэ адзін жыхар райцэнтра паведаміў міліцыянерам, што невядомы на вуліцы вырваў з яго рук мабільны тэлефон. Па факце рабавання ўзбуджана крымінальная справа.

Два пратаколы аднаму. 11 лютага ў РАУС патэлефанавала жанчына і паскардзілася на знаёмага, які выбіў у яе пакоі ўваходныя дзверы. Літаральна праз хвіліну ў міліцыю звярнуўся сам хуліган і паведаміў, што яго абакралі, аднак абставін крадзяжу патлумачыць не змог. У выніку, мужчына атрымаў два адміністрацыйныя пратаколы за хуліганства і лжывы выклік праваахоўнікаў.

Ганна КАВАЛЁВА.

 

 

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *