Праблемы бываюць розныя…

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 Дзмітрый ГОБАРАЎ правёў рабочую сустрэчу з працоўным калектывам раёна газазабеспячэння.

Безимени-1

Падчас яе Дзмітрый Гобараў зрабіў справаздачу аб дзейнасці беларускага парламента за мінулы год і сваёй працы – як дэпутата і намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ён падрабязна спыніўся на міжнароднай дзейнасці парламентарыяў, што скіравана на дасягненне рэальных эканамічных мэт і з’яўляецца адной з важнейшых форм дэпутацкай працы. Дзмітрый Гобараў, напрыклад, з’яўляецца кіраўніком рабочай групы па супрацоўніцтве з парламентам Пакістана, уваходзіць у склад аналагічных груп, што развіваюць адносіны з заканадаўчымі ўладамі Балгарыі, Венгрыі, Польшчы. Дэпутат падзяліўся таксама ўражаннямі ад свайго рабочага візіту ў Ісламскую Рэспубліку Пакістан і трапнымі назіраннямі за жыццём насельніцтва гэтай краіны. 

— Міжнародная дзейнасць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, – падсумаваў Дзмітрый Гобараў, – заключаецца ў працы на ўзмацненне пазіцый Беларусі па ўсіх вектарах яе знешняй палітыкі, дзякуючы якой значна пашырылася міжнародна-дагаворная база, пасадзейнічала яна і прасоўванню эканамічных інтарэсаў нашай краіны ў блізкім і далёкім замежжы, асваенню новых рынкаў збыту прадукцыі айчынных вытворцаў.

Кажучы пра дэпутацкую працу ў сваёй выбарчай акрузе, парламентарый заўважыў, што людзі звяртаюцца да яго па самых розных жыццёвых праблемах. Прыкладам, нядаўна на прыём завітала 70-гадовая жыхарка суседняга раёна і папрасіла дапамагчы прыватызаваць кватэру. Хоць гэты працэс ужо даўно завяршыўся. У час гутаркі з ёй высветлілася, што жанчына ведала аб тэрміне завяршэння правядзення прыватызацыі жылля, але не прыдала гэтаму значэння, спадзеючыся, што ён будзе падоўжаны ў чарговы раз. І пралічылася.

ггаз 001

— Думаю цяпер, як дапамагчы гэтай бабульцы, – сказаў Дзмітрый Гобараў і дадаў, што ў нашай краіне непрыватызаваным застаецца яшчэ 8 працэнтаў жылля. На яго думку, многія праблемы становяцца лагічным вынікам абыякавасці самога чалавека, які безразважна спадзяецца на тое, што ўсё неяк само па сабе вырашыцца, абыдзецца.

Памочнік дэпутата і начальнік раёна газазабеспячэння Аляксандр ВАРОНІН у падтрымку гэтай думкі прывёў некалькі фактаў стасункаў яго арганізацыі па аказанні газавых паслуг насельніцтву:

— Іх мы аказваем толькі тым, у каго маюцца ўсе неабходныя для гэтага дакументы, што атрыманыя ва ўстаноўленым парадку. Але ёсць, на жаль, і такія, у каго яны адсутнічаюць. Таму даводзіцца адмаўляць у аказанні нашых паслуг. Крыўдна? Так, але што паробіш… Трэба чалавеку самому варушыцца, быць дасведчаным у змяненні патрабаванняў, заканадаўства. Тым больш, што такая інфармацыя даступная ўсім і кожнаму. І не варта такім людзям вінаваціць у сваёй праблеме ўсіх, апроч аднаго сябе.

Дэпутат звярнуў увагу прысутных на тое, што праблемы жыхароў выбарчай акругі, з якімі тыя звяртаюцца да яго, вырашаюцца ў цесным супрацоўніцтве і пры падтрымцы мясцовых улад.

Напрыканцы рабочай сустрэчы Дзмітрый Гобараў і Аляксандр Варонін адказалі на пытанні работнікаў раёна газазабеспячэння.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *