З гумарам па жыцці

Рассмяшыць людзей шчыра і па-добраму – складаная задача, і не кожнаму яна пад сілу. Аднак жа ствараць пазітыўны настрой і весяліць гледачоў выдатна атрымліваецца ў самадзейных артыстаў народнага тэатра мініяцюр “Імпульс” РЦК.

имп2

Гісторыя тэатра пачалася ў далёкім 1971 годзе ў фармаце агітбрыгады, ля вытокаў стварэння якой стаяла Тамара ПАДЫМАКА. Яе ўдзельнікі выступалі перад жыхарамі раёна з мініяцюрамі на надзённыя тэмы. Іх творчая дзейнасць была ацэнена па заслугах – у 1983 годзе агіт-брыгадзе прысвоілі званне “народная”. А ў 2013 годзе яна была ператворана ў тэатр мініяцюр.

За час існавання ў калектыве шмат разоў мяняліся яго кіраўнікі і склад выканаўцаў. Новы імпульс народны тэатр мініяцюр  атрымаў з прыходам ў 2014 годзе рэжысёра Таццяны ЧАЧУРА, якая кіруе ім і па сёння. У свой час яна скончыла Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча культуры імя Н.К. Крупскай па спецыяльнасці “рэжысура народных святаў”.

Працуючы ў сферы культуры, Таццяна Рыгораўна пастаянна ўдзельнічала ў пастаноўках агіт-брыгады і ТЮГа. І, часцей за ўсё, ёй даставаліся ролі з гумарыстычным адценнем.

– Лічыцца, што смех падаўжае жыццё, – гаворыць Таццяна Чачура. – Магчыма, гэта і так. Але дакладна ведаю, што гумар і самаіронія сапраўды дапамагаюць пераадолець розныя складаныя жыццёвыя сітуацыі. Выступленні на сцэне выклікаюць масу станоўчых эмоцый у  адказ на водгукі гледачоў, іх смех і апладысменты.

Сённяшні калектыў тэатра – маладзёжны і складаецца з прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Пастаяннымі яго ўдзельнікамі з’яўляюцца Віталій САННІКАЎ (ДРБУ-170), Ілья ЦІКУНОЎ (РАНС), Таццяна ЦІКУНОВА (аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама), Вольга ШЧАМЯЛЁВА (ЦРБ), Ігар КУНІЧНІКАЎ (раённае аддзяленне  Дэпартамента аховы МУС), а таксама асістэнт рэжысёра Анастасія УСАВА і мастак-пастаноўшчык Юлія МАДАЛІЕВА (абедзве – РЦК), якія зараз знаходзяцца ў дэкрэтных адпачынках.

Таццяна Чачура сцвярджае, што самае складанае – сабраць і захаваць калектыў тэатра. Запрыкмеціўшы артыстычны і гумарыстычны таленты, не так лёгка пераканаць чалавека паспрабаваць свае сілы на сцэне. Напрыклад, Ігар Кунічнікаў “раскрыўся” падчас удзелу ў конкурсе “Містар Бялынічы”, дзе ён выступаў з парадыйным нумарам. Вольга Шчамялёва далучылася пасля падрыхтоўкі гумарыстычнай мініяцюры да Дня медыцынскага работніка.

Зараз у рэпертуары “Імпульса” значацца самыя розныя нумары: музычныя мініяцюры, інтэрактыў з залай, пантамімы, пародыі, клаўнада, маналогі. Артысты пастаянна шукаюць новыя формы творчай самарэалізацыі. Нядаўна правялі першае выступленне ў жанры стэндап – “Імпульс-Камедзі”. Зрабілі гэта ў закрытым фармаце, каб спачатку апрабаваць новы напрамак на сябрах і знаёмых. Выступленне выклікала цікавасць, таму прыхільнікам творчасці гумарыстычнага калектыву трэба сачыць за афішамі і чакаць у бліжэйшы час прэм’еры.
ренг

Заяўляе аб сабе тэатр і на конкурсах. Мінулай восенню яго мініяцюра “Купацца забараняецца” была ўдастоена Дыплома лаўрэата ІІІ ступені ў намінацыі “Тэатральная творчасць” на Міжнародным конкурсе музычна-мастацкай творчасці New Style ў Мінску, а кіраўнік калектыву атрымала Падзячны ліст ад яго арганізатараў.

Акрамя таго, па выніках працы за мінулы год рэжысёр народнага тэатра мініяцюр “Імпульс” Таццяна Чачура прызнана лепшым работнікам сферы культуры раёна.

Тэкст і фота

Андрэя СУПІТАЛЁВА.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *