У бетонную сцяну… з разбегу

Прэм’ера мінулага года – спектакль “Бетон” па матывах старажытна-грэчаскага міфа аб Арфеі і Эўрыдыцы паставіў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі рэжысёр Яўген КАРНЯГ.

бетон

Уявіце, што час спынілі, а прастору разрэзалі, утварыўшы нейкае іншае вымярэнне. У ім вам прадстаўляюць, не разыгрываюць, спектакль. Ён – вострае, бескампраміснае выказванне пра жыццё. Але пра жыццё, хутчэй, унутранае, якое адбываецца ў цёмнай зоне свядомасці. Рэальнасць у спектаклі праламляецца такім чынам, што яе становіцца складана разжаваць і праглынуць. Глядач сутыкаецца з поўным татальным адчужэннем – высокай бетоннай сцяной. І – са смуткам, які пераследуе ціха і маўкліва, з тугой па страчаным і так і не знойдзеным. Нудой ад таго, што нас выштурхнулі, і мы не можам трапіць назад.

Каб зразумець, як уладкавана нешта, напрыклад, сцябло, мы спачатку здымаем з яго лупіну, а потым разломваем, каб убачыць сярэдзіну. Прыкладна тое ж адбываецца ў “Бетоне”. Ламаецца сцябло немагчымасці не проста камунікаваць або пацвярджаць свой сацыяльны статус за кошт партнёра, а быць датычным, кахаць, забываючы пра сябе.

Спектакль, безумоўна, можа быць упісаны ў мноства сусветных кантэкстаў. Але, каб яго ўспрыняць, трэба адключыць любыя кантэксты, і глядзець так, быццам вы нічога раней не бачылі. Толькі “чыстае” глядзенне дазволіць стукнуцца ў бетонную сцяну ўсім целам з разбегу. “Бетон” не мае патрэбы ў тым, каб быць упісаным у нейкую культурную ці інфармацыйную прастору, бо сам па сабе – самастойная адзінка тэатральнага мастацтва. Гэта не пераасэнсаванне мінулага, якім часта займаюцца рэжысёры, не спроба трымацца на плаву сучаснасці, якую адчайна здзяйсняюць сучаснікі, а крок наперад, прарыў заслоны, што зачыняе вочы. Таму што тэатр, які развіваецца, расце, падштурхоўвае гледача да ўсведамлення каранёў сваіх трагедый і не-трагедый – моцны і важны.

Міф пра Арфея і Эўрыдыку, які аўтар узяў за аснову для пабудовы спектакля, толькі праступае ў ім на паверхні. Ён прачытваецца ў ходзе развіцця пастаноўкі, але ў змешванні з рэаліямі сучаснымі – псіхозам пошуку партнёра і паралельна псіхозам успрымання сябе ў гэтым пошуку – не даецца гледачу такім, якім з’яўляецца ў першакрыніцы. Татальнае адзіноцтва кожная Эўрыдыка (у спектаклі іх некалькі) перажывае па-рознаму. Але паміж ёй і Арфеем – нябачная сцяна, да якой, здаецца, можна дакрануцца. Нейкая эфемерная поліэтыленавая плёнка, у якую абгарнулі ўсіх герояў паасобку.

Лейтматыў “Бетону” – пошук любові, якая будзе мацней за смерць, мацней за ўласныя комплексы, і ў немагчымасці знайсці яе – пастаянная падмена сурагатамі.

Спектаклі Яўгена Карняга ўключаюць у сябе элемент перфарматыўнасці, правакацыі, фізічнага тэатра. У гэтым іх перавага: яны здольныя закрануць гледача за жывое, агаліць нерв сучаснасці, давесці ўсё да вышэйшай кропкі і ў такім выглядзе абрынуць са сцэны на тых, хто сядзіць у зале, як абвальваецца цунамі на мірна адпачываючых. Аўтарскі тэатр рэжысёра – гэта выклік, эксперымент.

У пастаноўцы вельмі важна харэаграфія, сцэнічнае адчуванне цела і таго, што з ім адбываецца. Паколькі ў “Бетоне” няма слоў, акцёры размаўляюць з гледачамі на мове цела. Рухі сечаныя, тэхнічныя, рэзкія перамяжоўваюцца з трукамі на мяжы акрабатыкі, і кожны – імпульс чалавечага перажывання ўласнай адасобленасці і непатрэбнасці. Здзіўляюць – у найлепшым сэнсе – акцёры, гатовыя ўвайсці ў раку так глыбока, што сціскае ў грудзях. Яны не танчаць і не адлюстроўваюць – аддаюць сваё цела пластыцы, падпарадкоўваюць яго, ствараючы карціну, здольную ўразіць нават пераборлівага гледача. У складаныя харэаграфічныя моманты было адчувальна, як зала замірае. Не магу сказаць таго ж пра сябе, бо прывыкла давяраць тэатру, якой бы складанай ні была пастаноўка. Менавіта давяраць, інакш паміж намі нічога не магчыма.

Музычнае афармленне створана кампазітарам Мікітам ЗАЛАТАРОМ. Мноства знаёмых, вядомых гукаў, быццам песні, якія вы слухаеце, разабралі і сумясцілі зноў у іншым парадку. Музыка то грыміць, то вывяргаецца, то цячэ, і кожны раз – уносячы глядацкае перажыванне да новага берага.

“Бетон” – складанаструктурнае здарэнне ў сваім узаемадзеянні з гледачом. Тое, што ён далучае да сябе, што адбываецца энергетычны  абмен паміж залай і сцэнай, мае вялікую каштоўнасць. Бо ёсць каласальная розніца паміж камунікацыяй і ўзаемным дыялогам, які існуе паміж гледачом і тым, што ён бачыць. Таму заўсёды радуе ўнутраны водгук, пачуццё траплення ў сутнасць. Спектакль завяршаецца ўзрушэннем, разбурэннем ментальных сцен. Нешта ўнутры абрываецца рэзка, але амаль нячутна, так, быццам нацяжэнне ніткі раптам перарвалася. Верагодна, такім чынам выяўляецца тэрапеўтычны (пафасна-знакаміты) эфект мастацтва.

А ў канцы застаецца толькі атрутна-сіні бягучы радок на экране: Міхаіл, 45 гадоў, шукаю нічым не абцяжараную … І далей па тэксце. Куча паведамленняў з сайтаў знаёмстваў, дзе не разабрацца, хто ёсць хто. А пасля – застаецца дэпрывацыя бясконца загружаючагася паведамлення, і кожнае – чарговае, і ні адно немагчыма адкрыць і прачытаць, ні на адно немагчыма адказаць. І вы застаецеся сядзець і глядзець у экран. Але бачыце ў ім толькі сцяну.

Алена БЫКАВА.

Фота з сайта РТБД.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *